Сёння не стала народнай артысткі Беларусі Галіны Талкачовай. Ёй было 86 гадоў, з якіх больш як 60 яна правяла на сцэне Купалаўскага тэатра. Нарадзілася ў Самары, але скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Пасля - размеркаванне і запрашэнне на адну з самых прэстыжных драматычных пляцовак краіны. Яе гераінямі былі вытанчаныя, арыстакратычныя жанчыны з моцным унутраным стрыжнем і пачуццём уласнай годнасці.
З кіно ў артысткі адносіны не склаліся. Не раз прызнавалася ў інтэрв'ю, што камеры баялася. Тым не менш, Галіне Сямёнаўне ўдалося стварыць галерэю непаўторных вобразаў у такіх спектаклях, як "Забыць Герастрата!", "Памінальная малітва", "Лес", "Сымон-музыка" - ролі трывала ўвайшлі ў хрэстаматыю беларускага тэатра. Яна да апошніх дзён была артысткай Купалаўскага тэатра. Спачуванні родным і блізкім Галіны Талкачовай выказаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Развітанне з народнай артысткай Беларусі адбудзецца ў суботу ў 12:30 у Купалаўскім тэатры. Пахаваюць народную артыстку на Усходніх могілках Мінска.
Памерла народная артыстка Беларусі Галіна Талкачова
22 октября 2020













