Памёр беларускі кампазітар Алег Молчан. Музыканту мулявінскіх "Пясняроў" было 54 гады

26 октября 2019
Сумная навіна сёння прыйшла са свету мастацтва. Памёр беларускі кампазітар Алег Молчан. Музыканту мулявінскіх "Пясняроў" было 54.

Некалькі гадоў аўтар песень змагаўся з анкалагічным захворваннем, у апошнія месяцы праходзіў лячэнне ў клініцы Жэневы. Уладальнік медаля Францыска Скарыны ўпершыню выйшаў на сцэну з "Пяснярамі" ў 1989 годзе, тады ж паказаў маштабную музычную праграму "Словы Скарыны". Літаральна праз дзесяць гадоў ён стаў кіраўніком калектыву і дапамог Мулявіну стварыць абноўлены склад "Пясняроў" ужо пасля іх расколу. Але, бадай, адна з самых значных песень і аранжыровак Молчана - "Малiтва" на вершы Янкі Купалы, якую выканаў пясняр Уладзімір Мулявін.

Кампазітар пісаў песні і для беларускіх выканаўцаў. Сёння яны прагучаць на тэлеканале "Беларусь 3". У 22:45 гледачы ўбачаць канцэрт "Алег Молчан збірае сяброў". Грамадзянская паніхіда пройдзе ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі на наступным тыдні.