Настаўнікі з Мінскай вобласці прыехалі ў Палац Незалежнасці на экскурсію

7 октября 2018

Сёння ў Беларусі больш за 115 тысяч работнікаў педагагічнай сферы, а на аднаго настаўніка прыпадае ў сярэднім 9 вучняў. З кожным годам прэстыж гэтай прафесіі расце. У Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка сёлета конкурс на некаторыя спецыяльнасці перавышаў 10 чалавек на месца.

Віншаваць настаўнікаў пачалі яшчэ напярэдадні. Каля паўсотні прадстаўнікоў прафесіі з Мінскай вобласці прыехалі ў Палац Незалежнасці. Гасцям паказалі залы і кабінеты, дзе праходзяць міжнародныя перамовы, нарады і іншыя важныя дзяржаўныя мерапрыемствы. Уражанне на прысутных зрабіла выстава падарункаў, якія былі ўручаныя Прэзідэнту за ўсе гады яго кіравання, а таксама цудоўны зімовы сад.

Экскурсія для шырокага гледача праводзіцца не ўпершыню. Гасцямі Палаца Незалежнасці ўжо былі студэнты, дыпламатычныя работнікі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, спартсмены і ўрачы.