Навукоўцы-біёлагі прапануюць адкрыць мяжу для беларускай папуляцыі зуброў у Белавежскай пушчы

1 октября 2016

Эксперты перакананы, што гэта ініцыятыва выратуе лясных волатаў ад паступовага вымірання. Справа ў свежых генах для патомства зуброў, якіх, улічваючы рост колькасці жывёлін, сёння ўжо не хапае для іх здаровай будучыні. Так званыя трансгранічныя міграцыйныя калідоры зменяць сітуацыю ў корані і дазволяць зрабіць больш разнастайным генафонд за кошт зносін з польскімі зубрамі. Аб дронах, якія сочаць за зубрынымі сцежкамі, і ўнікальным міжнародным праекце беларускіх і польскіх навукоўцаў - рэпартаж Дзмітрыя Смірнова.

У 1919 годзе ў Белавежскай пушчы загінуў апошні так званы вольны зубр. Праведзены праз 7 гадоў міжнародны перапіс выявіў - ва ўсім свеце засталося толькі 52 волаты. Толькі тытанічная праца навукоўцаў праз амаль стагоддзе дазволіла  аднавіць у Беларусі папуляцыю гэтых жывёлін.

Яўген Добрук, дэкан біятэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта: 

"Падчас вайны вельмі шмат зуброў было знішчана. Толькі  апошні час, апошнія 30 гадоў колькасць зуброў павялічылася прыкладна ў 2-2.5 раза. У Беларусі зуброў налічваецца каля 1180 галоў, у тым ліку ў Белавежскай пушчы сканцэнтравана 480 галоў зубра".

Сёння пагалоўе зуброў у нашых лясах -  адно з найбуйнейшых у Еўропе. Паводле звестак спецыялістаў, набліжаецца да аптымальнага. Аднак эксперты выявілі іншую пагрозу - інбрыдынг або блізкароднасныя адносіны і недахоп чыстага генатыпа.

Вольга Япішка, кіраўнік навукова-тэхнічнай лабараторыі ДНК-тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта: 

"Інбрыдынг на тэрыторыі Беларусі прывёў да таго, што зубраняты  не ўстойлівыя на сённяшні дзень да шматлікіх захворванняў. Яны гінуць і папуляцыя скарачаецца".

Навуковая лабараторыя Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта -  адзін з удзельнікаў міжнароднага праекта, вынікі якога павінны ў корані змяніць не толькі трансгранічную міграцыю зуброў, але і паставіць заслону інбрыдынгу папуляцыі.

Вольга Япішка, кіраўнік навукова-тэхнічнай лабараторыі ДНК-тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта: 

"Наша задача зрабіць так, каб генетычны калідор, віртуальна так скажам, быў адкрыты для таго, каб паменшыць інбрыдынг, каб нашы папуляцыі былі больш трывалымі".

Генетычны аналізатар, які маюць навукоўцы ў Гродне, здольны за хвіліны даць інфармацыю пра геном кожнай жывёліны. Падчас праекта біяматэрыял, сабраны ад зуброў у пушчы, даставяць на даследаванне ў лабараторыю.

Назіраць за папуляцыяй зубра будуць і з вышыні  з дапамогай вось гэтага квадракоптара. Аднак гэты не адзіны тэхнічны сродак, які ўдзельнічае ў гэтым праекце. Ужо гатовыя спецыяльныя GPS-ашыйнікі. Яны павінны распавесці аб міграцыйных перавагах зуброў.

Дрон здольны падняцца на стаметровую вышыню і гадзіну знаходзіцца ў паветры.

Тадэвуш Шчарбовіч, загадчык аддзела інфармацыйных тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта: 

"Зверху лепш бачныя сцежкі, якія яны праходзяць, а зімой будзе наогул добра, таму што ясна будзем бачыць іх міграцыю, кірункі і даваць нашым навукоўцам нашы палётныя звесткі, якія яны змогуць вывучыць".

Упершыню маніторынг жывёлін будзе весціся адначасова ў лабараторыях Гродна і Варшавы. Геазвесткі дазволяць навукоўцам вызначыць, дзе зубры пераходзяць беларуска-польскую мяжу. Сусветны эксперт па зубрах Ванда Олех-Пясецка пераканана, што будучыня волатаў  -  менавіта ў гэтых трансгранічных маршрутах.

Ванда Олех-Пясецка, дэкан факультэта навукі аб жывёлінах Варшаўскага ўніверсітэта прыродных навук, Польшча: 

"Калі зубры часта падыходзяць да нейкага канкрэтнага пункта, значыць тут, магчыма, і варта ствараць міграцыйны калідор. У той жа час мы плануем надзець на зубраў спецыяльныя прыборы з GPS-маякамі".

Даследаванні прадоўжацца некалькі месяцаў. Але навукоўцы ўжо гавораць, што настолькі маштабнага праекта ў Белавежскай пушчы яшчэ не было.

 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя