Вучэнні "Захад-2017" стартуюць у верасні

25 августа 2017

Беларускія вайскоўцы завяршаюць падрыхтоўку да вучэнняў "Захад-2017".

Ваенныя лётчыкі сёння адпрацавалі найскладанейшы элемент пілатавання. На ўчастак аўтамабільнай трасы прызямліліся самалёты МіГ-29, Як-130, Су-25, а гэтак жа грузавы Ан-26. Складанасць такіх задач у тым, што лётчыкі саджаюць свае машыны без дадатковых навігацыйных арыенціраў, якія ёсць на аэрадромах. Да таго ж, сама аўтадарога значна вужэйшая за ўзлётную паласу. Працягне тэму Аляксандр Камовіч.

Участак дарогі Мінск - Магілёў у Чэрвенскім раёне, як правіла, папулярны для аўтатрафіка. Сёння ж на трасе можна было назіраць легендарныя знішчальнікі МіГ-29, не меней знакамітыя штурмавікі Су-25, а таксама грузавы самалёт Ан-26. Беларускія вайскоўцы правялі найскладанейшыя вучэнні з удзелам авіяцыі, падчас якіх паветраныя судны прызямляліся на імправізаваную ўзлётна-пасадачную паласу.

Пасадка самалёта на аўтадарогу - гэта адзін з найважейшных элементаў падрыхтоўкі ваенных лётчыкаў. Спецыялісты гавораць, гэта сапраўды філігранная праца, бо пры такіх умовах у пілота няма дадатковых арыенціраў навігацыі, як, напрыклад, на аэрадроме. А шырыня дарогі ўдвая меншая за ўзлётна-пасадачную паласу.

Да такіх манеўраў дапушчаюцца толькі правераныя лётчыкі. Зрэшты, адпрацоўка пасадкі на аўтамабільную трасу ўваходзіць у планавую падрыхтоўку пілотаў. Сённяшні дзень стаў баявым хрышчэннем для 6 авіятараў. Яны сярод нешматлікіх зараз могуць пахваліцца ўменнем саджаць шматтонную машыну на аўтадарогу.

Паводле легенды вучэнняў, у іх задзейнічалі і сухапутныя войскі. Байцы сіл спецыяльных аперацый адбілі атаку на аэрадромны ўчастак дарогі пры падтрымцы верталётнай авіяцыі.

Варта адзначыць, што падобныя вучэнні для нашай краіны не ў навінку. Упершыню пасадку на аўтадарогу беларускія авіятары правялі 10 гадоў таму. За гэты час, адзначаюць ваенныя, напрацаваны багаты вопыт і ўся неабходная практычная база.

Дарэчы, вучэнні праводзіліся сумесна з удзелам прадстаўнікоў Паветрана-касмічных сіл Расіі. Сумесна з калегамі беларускія вайскоўцы адпрацавалі пытанні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Саюзнай дзяржавы. Манеўры сталі і завяршальным этапам падрыхтоўкі да вучэнняў "Захад-2017", якія стартуюць у верасні.