Вучэнні Захад-2013 набліжаюцца да завяршальнай стадыі

25 сентября 2013

Ужо заўтра ў сумесных беларуска-расійскіх стратэгічных манеўрах прыме ўдзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Чакаецца, што ўдзельнічаць у мерапрыемстве будзе і кіраўнік Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Лідары дзвюх краін наведаюць палігоны Гожскі ў Беларусі і Хмялёўка ў Расіі, дзе сумесныя воінскія кантынгенты Саюзнай дзяржавы будуць выконваць прадугледжаныя сцэнарыем вучэнняў задачы па барацьбе з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Тым часам барацьба з умоўным сапернікам працягваецца. Вучэнні маштабныя і ў іх задзейнічаныя не толькі вайскоўцы дзвюх краін.


Расказвае Уладзімір Каралёў. Дэсантаванне ваеннай тэхнікі праходзіць на вышыні 600 метраў. Сюды ж сцягваюцца калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання. Паводле легенды вучэнняў, дыверсійныя фарміраванні і міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі спрабуюць умацавацца на дадзенай тэрыторыі. Саветам калектыўнай бяспекі АДКБ прынята рашэнне аказаць ваенную і ваенна-тэхнічную дапамогу.


Сёння на палігоне Асіповіцкі завяршылася актыўная фаза вучэнняў Узаемадзеянне-2013. З моманту стварэння калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ цяперашнія вучэнні праходзяць пяты раз і ўпершыню ў Беларусі.


У вучэннях прынялі ўдзел аператыўныя групы і ваенныя кантынгенты Узброеных Сіл Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана і Таджыкістана. У аснову задумы быў пакладзены адзін з магчымых варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі, звязаны з узрастаннем актыўнасці дыверсійных фарміраванняў з прымяненнем баевікоў-наёмнікаў.


А гэта ўжо аэрадром Бабруйск. На яго ўчынена атака тэрарыстаў. Тут асабісты склад адпрацаваў дзеянні па дэблакіраванні аэрадрома і знішчэнні незаконнага ўзброенага фарміравання з практычным дэсантаваннем. Адбіццё тэрарыстычных нападаў на важныя ваенныя і сацыяльныя аб'екты - адна з задач ваенных манеўраў. Начальнік штаба асобнага аэрамабільнага батальёна Яўген Ярцаў другі раз удзельнічае ў такіх вучэннях. Маёр лічыць, што вучэнні заўсёды ідуць на карысць любому салдату.


Агульная колькасць кантынгенту склала звыш 600 чалавек. За вучэннямі бесперапынна сачылі замежныя назіральнікі. Падчас вучэнняў было задзейнічана каля 60 баявых адзінак авіяцыйнай тэхнікі. Сумесныя манеўры Узаемадзеянне-2013 праходзілі на агульным фоне з беларуска-расійскімі вучэннямі Захад-2013 і былі адзначаныя на высокім узроўні.


Юрый Жадобін, Міністр абароны Беларусі: Хацеў бы адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі ўсіх катэгорый: як афіцэраў органаў кіравання, так і афіцэраў, салдат і сяржантаў падраздзяленняў усіх краін, што прымалі ўдзел у гэтых вучэннях.


Мікалай Бардзюжа, сакратар Савета бяспекі Расіі: Бліскуча праведзеныя вучэнні. Вайскоўцы вельмі добра падрыхтаваныя. Сёння толькі першы дзень, яны дзейнічаюць ужо сладжана і ў большай ступені паказваюць, чаму навучыліся. Я лічу, што вучэнні праведзеныя на дастаткова высокім узроўні.


Такія вучэнні трэніруюць не толькі зладжанасць у камандаванні, але і ўзаемадзеянне ва ўмовах іншага клімату і падрыхтоўваюць воінаў да разнастайных месцаў. Шэсць краін - шэсць розных кліматаў. Начальнік паветрана-дэсантнай службы аэрамабільных войскаў Казахстана Абдырахім Юлдашаў беларускі дождж не забудзе ніколі.


Абдырахім Юлдашаў, начальнік паветрана-дэсантнай службы аэрамабільных войскаў упраўлення камандуючага Узброенымі Сіламі Казахстана: Беларускі дождж вельмі дзіўны, і надвор'е на беларускай зямлі непрадказальнае. У нас у Казахстане ў асноўным стэпы. І было цяжка арыентавацца па мясцовасці, усюды лясы.


За ваеннымі вучэннямі пільна назіраюць і кіраўнікі дзяржаў. Заўтра Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін праінспектуюць вучэнні Захад-2013. Прэзідэнты Беларусі і Расіі наведаюць Гожскі палігон пад Гроднам і ваенны палігон Хмялёўка ў Калінінградскай вобласці.