Вучэнні МНС у Стаўбцоўскім раёне

25 апреля 2019

У лясах Мінскай вобласці высокі ўзровень пажарнай небяспекі. У сямі раёнах забаронена наведванне лясных масіваў, каб прадухіліць узгаранні. Спецыялісты лясной гаспадаркі і ратавальнікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Сёння ў Стаўбцоўскім раёне адпрацоўвалі зладжанасць дзеянняў падчас ліквідацыі пажару на адкрытай мясцовасці.

З падрабязнасцямі Ілья Цвяткоў. 9 гадзін раніцы. На палігоне Стаўбцоўскага раёна раскладаюць імправізаваныя вогнішчы – пачынаюцца вучэнні МНС. Галоўная задача - не даць полымю перакінуцца на кроны дрэў, якія знаходзяцца паблізу. Часу на рэагаванне ў ратавальнікаў няшмат. З моманту паступлення выкліку на зборы, прыбыццё на месца і ліквідацыю ўзгарання не больш за паўгадзіны. Асабліва на такой адкрытай прасторы з-за моцнага ветру агонь распаўсюджваецца вельмі хутка. 

Аперацыя па выратаванні вось гэтага лесу пачалася. І зараз тут на ліквідацыі ўзгарання працуюць каля дзесяці адзінак пажарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Тушэнне лясных пажараў - адно з самых няпростых і экстрэмальных заданняў для супрацоўнікаў МНС. Вострай небяспекі ў Мінскай вобласці пакуль няма, а вось у суседніх - Гродзенскай і Брэсцкай - ратавальнікам прыходзіцца працаваць у рэальных умовах. На дапамогу вылецела і авіяцыя цэнтральнага рэгіёна. А вось выпальванне сухой травы па-ранейшаму застаецца вострай праблемай і для Мінскай вобласці. 

Валерый Ільюшын, начальнік Стаўбцоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі: "Што тычыцца нашых падраздзяленняў, яны выязджаюць аператыўна па любым сігнале, незалежна ад таго, узгаранне гэта смецця, сухой расліннасці або лесу. Мы выязджаем нарматыўна і далей працуем напрамую з суб'ектамі гаспадарання. Паралельна ідуць паведамленні ў лясніцтвы і землекарыстальніку, удакладненне, чыя зямля. І тут жа накіроўваецца сельскагаспадарчая тэхніка".

У сямі раёнах Мінскай вобласці чырвоны ўзровень небяспекі: наведванне лясоў забаронена. Паводле слоў спецыялістаў, галоўная прычына прыродных пажараў - неасцярожная дзейнасць чалавека. 

Сцяпан Явід, галоўны ляснічы Стаўбцоўскага лясгаса: "Часцей за ўсё гэта антрапагенны фактар. Выкінутыя і непатушаныя цыгарэты, а таксама дзесьці хтосьці спальвае траву і наводзіць парадак на сваіх участках. Вось гэта і з'яўляецца першачарговай прычынай".

Вучэнні ратавальнікаў завершацца заўтра. Акрамя тушэння агню, атрады байцоў МНС павінны будуць выканаць яшчэ 16 заданняў. Сярод іх эвакуацыя людзей з аварыйнага будынку, ліквідацыя наступстваў ураганнага ветру і падтапленняў.