Вучэнні МНС у Магілёўскай вобласці

10 февраля 2015

Пажар у вагоне пасажырскага цягніка і небяспека выбуху цыстэрны з палівам. Ліквідацыю надзвычайнага здарэння на чыгунцы адпрацоўвалі ратавальнікі Магілёўскай вобласці. На шчасце, у Беларусі такія здарэнні рэдкасць, але напагатове трэба быць заўсёды. Андрэй Ястрабаў пераканаўся, вопыт тут неабходны.

 

Паводле легенды ратавальнікаў, у вагоне пасажырскага цягніка пажар. Звычайна агню хапае 7 хвілін, каб знішчыць плацкарт. Таму ў ратавальнікаў кожная секунда дарагая.

Да месца здарэння прыбывае падраздзяленне МНС. Тут жа разгортваецца аператыўны штаб. Кожнае дзеянне на строгім кантролі.

У вагоне засталіся пасажыры. Ратавальнікі прабіраюцца ўнутр скрозь агонь. І вось ужо ўяўныя пацярпелыя на свежым паветры. Гарачыня ад палаючага вагона адчуваецца за дзясяткі метраў.

Не менш небяспечная сітуацыя, калі гарыць цыстэрна. Надзвычайнае здарэнне для чыгункі. Для пажарных - сапраўдная тактычная аперацыя. Бо трэба не толькі патушыць пажар, але і прадбачыць развіццё падзей. Тут чуццё не дапаможа, толькі вопыт.

У дапамогу пажарны аварыйна-выратавальны цягнік і хімічная перасовачная лабараторыя, здольная ліквідаваць уцечку любога паліва. Імі ўкамплектаваны ўсе абласныя падраздзяленні МНС.  

Такія вучэнні, паводле слоў ратавальнікаў, адточваюць майстэрства не толькі тушэння пажараў у складаных умовах, але  і ўзаемадзеянне чыгункі і МНС.  Як паказвае практыка,   такі тандэм працуе паспяхова.