26 декабря 2019
Навагоднія святы - гэта выдатная падстава для сустрэч добрых сяброў. Сустрэч з падарункамі, сюрпрызамі. І так атрымліваецца, што менавіта гэтыя сустрэчы самі па сабе ўжо бясцэнны падарунак, бо дораць яны толькі станоўчыя эмоцыі. Далёка не першы год сябруюць вучні Астрышыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы з пастаяльцамі дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, што на Ваўпшасава ў Мінску. Зрэшты, гэта нават больш чым сяброўства - гэта клопат і адказнасць.
Ужо шмат гадоў школьнікі ўзялі шэфства над гэтай установай
Прыязджаюць не толькі на святы, але і без падставы: спытаць пра здароўе, а яшчэ ўзняць настрой сваёй прысутнасцю, проста пагаварыць па душах. Бо самы галоўны падарунак для пажылых людзей - гэта, вядома, увага. Вось і сёння школьнікі зноў прыехалі, вядома, не з пустымі рукамі, загадзя пацікавіліся, што мясцовым жыхарам больш за ўсё неабходна. У выніку сярод падарункаў аказаліся медабсталяванне, партатыўныя электракардыёграфы і рэабілітацыйныя касцюмы, міні-халадзільнікі і тэлевізары, па традыцыі і прадукты харчавання: мёд, варэнне і садавіна. Безумоўна, быў і творчы падарунак у выкананні гасцей, яго школьнікі і педагогі падрыхтавалі сваімі сіламі. У аснове паказу беларускія традыцыі святкавання Раства - калядныя абрады (з Казой, Мядзведзем і сапраўднымі калядоўшчыкамі), а яшчэ нашы нацыянальныя песні і танцы.
Завяршылася сустрэча сяброўскім чаяваннем з пірагамі ўласнага прыгатавання
Публіка смяялася, суперажывала, падпявала і, вядома, дзякавала за тое, што разам з гасцямі сёння і ў гэты дом прыйшло свята. Завяршылася сустрэча сяброўскім чаяваннем з пірагамі ўласнага прыгатавання і сапраўднай святочнай атмасферай.