Вучні Астрашыцка-Гарадоцкай школы па добрай традыцыі наведалі дом-інтэрнат

29 декабря 2019
Зараз мы раскажам аб прыгожай традыцыі вучняў Астрашыцка-Гарадоцкай школы. Не першы год сябруюць гэтыя вучні з жыхарамі дома-інтэрната для старых і інвалідаў на Ваўпшасава ў Мінску. І гэта ўжо больш за сяброўства - гэта клопат і адказнасць. Ужо шмат гадоў як дзеці ўзялі шэфства над гэтай установай. Прыязджаюць не толькі на святы, але і без падставы, спытаць, як здароўе, а яшчэ падняць настрой сваёй прысутнасцю, проста пагаварыць. Бо самы галоўны падарунак для пажылых людзей - гэта, вядома, увага. 

Вось і на тыдні вучні зноў прыехалі і, вядома, не з пустымі рукамі. Загадзя пацікавіліся, што мясцовым жыхарам больш за ўсё неабходна. У выніку сярод падарункаў аказаліся медабсталяванне (партатыўныя электракардыёграфы), рэабілітацыйныя касцюмы, міні-халадзільнікі і тэлевізары. Па традыцыі таксама прадукты харчавання (мёд, варэнне, садавіна). Падарункі былі набытыя па даручэнні Кіраўніка дзяржавы за спонсарскія сродкі.

Безумоўна, быў і творчы падарунак у выкананні гасцей. Школьнікі і педагогі самі падрыхтавалі калядныя абрады. Усё як мае быць: з Казой, Мядзведзем і сапраўднымі калядоўшчыкамі, а яшчэ нашы нацыянальныя песні і танцы.

Публіка смяялася, суперажывала, падпявала і, вядома, дзякавала  за тое, што разам з гасцямі  сёння свята прыйшло і ў гэты дом. Завяршылася сустрэча сяброўскім чаяваннем - з пірагамі ўласнага прыгатавання і сапраўднай каляднай атмасферай.