Участкі для галасавання закрыліся ў Беларусі роўна ў 8 вечара

12 сентября 2016

Актыўна рабілі свой выбар грамадзяне нашай краіны і за яе межамі. Як прайшла кампанія - сюжэт Святланы Лук’янюк.

Галоўны вынік 11 верасня ў Беларусі - выбары ў парламент адбыліся. Гэтым разам па новых правілах - у адзін тур. Перамаглі тыя, каго падтрымала большасць з акругі.

Конкурс быў высокі - амаль чатыры з паловай чалавекі на месца. Крыху больш за 6 000 выбарчых участкаў па ўсёй Беларусі. Гэта і закрытыя - у воінскіх часцях, бальніцах і санаторыях. 47 - за мяжой, дзе жывуць і працуюць беларусы. Старт кампаніі быў дадзены роўна ў 8 раніцы. Галасавалі 12 гадзін без перапынку.

Амаль сем мільёнаў беларусаў з правам голаса. Траціна скарысталася ім яшчэ датэрмінова. Раніца асноўнага дня традыцыйна актыўная.

Са спісу кандыдатаў выбіралі аднаго. Таго, хто чатыры гады будзе прадстаўляць раён, вобласць і горад у вышэйшым заканадаўчым органе ўлады. Кожнаму далі час на агітацыю. Бясплатныя выступленні і дэбаты плюс платныя лістоўкі і друкаваныя праграмы.

Асноўная праца кіпела ў Цэнтрвыбаркаме. Лічбы і тэндэнцыі ў рэжыме анлайн з ЦВК і інфацэнтра Палаца Рэспублікі. Адгэтуль навіны ўмомант разляталася праз стужкі інфармагенцтваў і тэлеканалы ў розныя куткі свету. Наш тэлеканал "Беларусь 1" працаваў штогадзіны ў прамым эфіры.

Да 14:00 у краіне больш за 50% прагаласавала. Некаторыя акругі і гадзінай раней заяўлялі пра тое, што кампанія адбылася. Першыя ацэнкі гучалі ад назіральнікаў.

Драгамір Карыч, міжнародны назіральнік, дэпутат парламента Сербіі:

"Я магу вам сказаць, усё адбываецца арганізавана, культурна, святочна. Тое, што, дапусцім, у Сербіі ў нас немагчыма бачыць, тое, што людзі прыязджаюць на выбарчыя ўчасткі з сем'ямі, з дзецьмі, гэтага ў нас няма. У вас ёсць - і гэта адчуваецца - святочны настрой".

Сем'ямі галасавалі шматлікія беларусы і віп-персоны краіны. Гэта ўжо наша традыцыя - у галоўныя дні быць разам і выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Прэм'ер і яго намеснікі. А таксама кіраўніцтва дзеючага парламента.

Міністры і кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў таксама па традыцыі ў цэнтры ўвагі тэлекамер. Не пуставалі ўчасткі і за мяжой. Тыя, хто па працы, у камандзіроўцы або на адпачынку знайшоў час прыйсці і паставіць адзнаку ў бюлетэні. Кіраўнікі дыпмісій у ліку першых пасля адкрыцця ўчасткаў.

Сваю грамадзянскую пазіцыю ў дзень галасавання маглі выказаць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх пандусы, сацыяльнае таксі, для слабавідушчых на ўчастках - лупы, для невідушчых - да бюлетэня спецыяльны трафарэт.

Была магчымасць прагаласаваць і дома. У дапамогу - выязныя камісіі для інвалідаў, пажылых людзей і тых, хто па стане здароўя не мог патрапіць на ўчасткі. Урны прыносілі і маладым мамам. Да галасавання традыцыйна падлучалася самадзейнасць і гандаль. Асартымент проста цешыў вока. А тыя, хто ўпершыню прыйшоў на ўчастак, атрымаў падарунак.

Андрэй Калёсны, вайсковец ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі:

"Я ганаруся тым, што мне выпала такое права. Я першы раз галасую, для мяне гэта гонар".

Антон Карнач, вайсковец ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі:

"Пры выбары кандыдата я гляджу ў першую чаргу на яго кваліфікацыю. На яго жыццёвы вопыт".

Ужыць яго будзе час у кожнага, хто перамог. 110 крэслаў Палаты прадстаўнікоў на чатыры гады для іх - сталае месца працы над новымі законамі і ўвасабленнем у жыццё перадвыбарных абяцанняў.