Уборка ў ландшафтным заказніку пад Брэстам у Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя

6 июня 2013

Галоўнае - чысціня і парадак. У Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя пад Брэстам зрабілі ўборку ў ландшафтным заказніку, тэрыторыя якога здзіўляе біяразнастайнасцю. Ураджай смецця быў багаты.


У экалагічным дэсанце прымала ўдзел і наш карэспандэнт Вікторыя Патоня.

Адпачывальнікі на прыродзе часта пакідаюць пасля сябе смецце. Уздоўж абалоны ракі Лясной высадзіўся рабочы дэсант (дарослыя і школьнікі, усяго - каля 40 чалавек), каб навесці парадак і прыбраць гэтае смецце. Гэтая тэрыторыя прыцягвае турыстаў. Прыгожыя мясціны папулярныя ў аматараў адпачынку на свежым паветры. Аднак далёка не ўсе клапоцяцца пра тое, што застанецца тут пасля іх. Юныя эколагі Брэсцкай вобласці за апошнія гады ачысцілі ад бытавых адыходаў не адну прыродаахоўную зону і вывезлі некалькі дзясяткаў тон смецця.


Павел Пашкоўскі, юны эколаг (Баранавічы): Мы тут знаходзім будаўнічыя матэрыялы, пенапласт, цэлыя скрынкі, смеццевыя мяшкі нават закапаныя. Бутэлькі шкляныя, вельмі шмат шкла пабітага.


Ірына Жуковіч, дырэктар Брэсцкага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў: Дзеці, займаючыся такімі акцыямі, паказваюць, што калі дзецям неабыякавы лёс прыроды, дык дарослым тым больш трэба звярнуць увагу на праблемы.


Каля 14% тэрыторыі вобласці - асабліва ахоўныя плошчы. Гэты лясны масіў багаты не толькі на ягады, грыбы, але і на рэдкія віды флоры і фаўны. Спецыялісты канстатуюць: пакуль яшчэ культура стаўлення да прыроды не на вышыні. А гэта значыць, ёсць да чаго імкнуцца, каб у будучыні не страціць тое, што маем сёння.