Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці паскараюць тэмпы асенне-палявых работ. Так, ужо засеяна азімымі 65 % плошчаў. Працягваюць убіраць кукурузу на сілас.
Актыўна ўзяліся аграрыі і за цукровыя буракі. Ураджай на перапрацоўку прымаюць два заводы - у Слуцку і Гарадзеі. Прадпрыемствы гатовы забяспечыць цукрам як унутраны рынак, так і працаваць на экспарт. Пра палявыя работы і іх салодкія вынікі - Аляксей Кандраценка.
Вялікая чырвоная машына на зялёным гарызонце - прыкмета таго, што ў Слуцкім раёне стартавала ўборка цукровых буракоў. На палях філіяла "Аграсэрвіс-СЦК" за адзін дзень камбайн апрацоўвае больш за 30 гектараў плошчаў.
Гібрыд буракоў "акацыя" дае 400 цэнтнераў з гектара. І калі для цеплалюбівай расліны час прыгажосці - канец мая, то ўвесь "сок" караняплоднай "цёзкі" акацыі - у сярэдзіне восені. Таму ўбіраюць буракі традыцыйна на працягу кастрычніка.
Сабраны з палёў ураджай у гаспадарках доўга не затрымліваецца. Яго адразу вязуць у Слуцк на перапрацоўку. Вытворчасць цукру - сезонная, і зараз яе тэмпы павялічваюцца. За суткі на камбінаце выпускаюць каля тысячы тон салодкага прадукту. Попыт павышаны - многія выкарыстоўваюць цукар яшчэ і для кансервацыі ягад і пладоў.
Перапрацоўчыя прадпрыемствы пашыраюць асартымент прадукцыі
Камбінат у Слуцку - гэта не толькі цукар. На філіяле прадпрыемства ў Старых Дарогах наладзілі вытворчасць сокаў са свежай ягады. Буякі, вішню, журавіны або брусніцы купляюць у жыхароў вобласці, плюс вырошчваюць у сваіх садах.
Саму навінку АПК плануюць прэзентаваць у гандлёвых сетках праз некалькі тыдняў. Азнаёміцца з ёй можна будзе і на міжнароднай выставе-кірмашы "Прадэкспа", якая пройдзе ў лістападзе ў сталіцы.













