Ля сталічнага Палаца спорту прайшоў "Забег сапраўдных мужчын"

23 февраля 2018

Беларускія сучасныя волаты ў гонар свята вырашылі масава здзейсніць сапраўдны подзвіг. Паўтары тысячы асілкаў сабраліся ля сталічнага Палаца спорту ў чаканні спецыфічнай гонкі. Дзеянне атрымала назву "Забег сапраўдных мужчын". Галоўнае патрабаванне да ўдзелу - дрэс-код: голае тулава. Дзяўчаты дапускаліся толькі для падтрымкі сваіх герояў.

Лютаўскія маразы, а падчас забегу было мінус 12, не перашкодзілі актывістам. Стартаваўшы ўсе разам, удзельнікі затым падзяліліся на дзве групы. Адна ўпадабала дыстанцыю на кіламетр, другая - на 3 кіламетры. Гонка была, дарэчы, міжнароднай. Прабеглі не толькі беларусы, але таксама госці з Расіі, Украіны і Казахстана.

На фінішы волатаў сустракалі гарачымі напоямі і ваеннай кашай. Усе ўдзельнікі атрымалі медалі, а пераможцы - прызы, а лепшая каманда - узнагароду за масавасць і крэатыўнасць. Зараз жа - ход за дзяўчатамі. 8 сакавіка пройдзе забег "Б’юці ран". Рэгістрацыя на яго ўжо адкрыта.