Ля стэлы "Мінск - горад-герой" прайшла генеральная рэпетыцыя парада

2 июля 2019

75-ю гадавіну вызвалення Беларусь па традыцыі адзначыць парадам. Напярэдадні ля  стэлы "Мінск - горад-герой"  прайшла адзіная сёлета генеральная рэпетыцыя. Свае рухі адточвалі  больш за пяць тысяч вайскоўцаў. У складзе механізаванай калоны праехалі больш чым  280 адзінак тэхнікі, а ў небе над Мінскам праляцелі каля паўсотні самалётаў і верталётаў. Падрабязнасці - у Юрыя Шаўчука.

Генеральная рэпетыцыя пачалася ў 9 гадзін вечара. Пасля таго,  як над стэлай "Мінск - горад-герой" праляцела каля 50 верталётаў і самалётаў, на авансцэну выйшла пешая калона, потым эстафету прыняла механізаваная калона.

Адкрываў  парадны разлік тэхнікі легендарны Т-34 з баявым Сцягам 5-й танкавай гвардзейскай Чырванасцяжнай арміі, танкісты якой у ноч на 3 ліпеня 44 года аднымі з першых з баямі ўвайшлі ў Мінск. Затым у парадным разліку прайшлі танкі, аўтамабілі, самаходкі, гаўбіцы, рэактыўныя сістэмы залпавага агню і ракетныя комплексы. Аб шматлікіх навінках, якія прадстаўленыя сёлета ў парадзе упершыню, Агенцтва тэленавін зняло серыю ролікаў. 

Па традыцыі адкрываць  пешую калону даручылі курсантам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Усяго ў парадным страі перад мінчанамі і гасцямі сталіцы пройдуць 25 парадных разлікаў. У кожным з іх 150 чалавек. Завяршаць праход беларускіх вайскоўцаў будуць парадныя разлікі войскаў Сіл спецыяльных аперацый. 5-ю, 39-ю і 103-ю брыгады прадставяць 450 дэсантнікаў. А адразу пасля каробак ССА на авансцэну выйдуць замежныя госці. Сёлета гэта два парадныя разлікі ад Расіі і Кітая. І шэсць  сцяганосных груп. З Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кіргізіі, Таджыкістана, Узбекістана. Упрыгожваннем гэтага года стануць адразу тры жаночыя каробкі: адна ад МУС, і дзве ад Міністэрства абароны.

Тое, што авіяцыя сёлета не закрывае, а адкрывае  парад, звязана з тым, што пачнецца ён, як і рэпетыцыя ў 9 гадзін вечара. Каб гледачы змаглі разгледзець усю прыгажосць авіяцыі, і было прынята рашэнне, што на гэты раз  "…первым делом самолеты".  Дарэчы,  хуткасць палёту для самалётаў складае ад 350 да 550 кіламетраў за гадзіну, для верталётаў - ад 60 да 200 кіламетраў за гадзіну. Адкрываць  паветраны парад будуць тры верталёты Мі-8, з флагамі  Беларусі, Узброеных Сіл, ВПС і войскаў СПА. Усяго ў небе над Мінскам праляціць 14 авіяцыйных груп. Замыкаць паветраны парад будзе ваенна-транспартны самалёт Іл-76 у суправаджэнні пяці Л-39.

Сапраўдным ўпрыгожваннем генеральнай рэпетыцыі стала выступленне роты ганаровай варты. Яно жа завяршыла ваенны  складальнік парада.