У ратавальнікаў і міліцыі пошукавы сезон

19 сентября 2017

Цёплае вільготнае надвор'е - рай для грыбнікоў. Але толькі не ўсе вяртаюцца з ціхага палявання. У ратавальнікаў і міліцыі гэтымі днямі пошукавы сезон. Пакуль не могуць знайсці каля дзесяці чалавек, што заблукалі ў лясах Беларусі. Больш падрабязна - Андрэй Ястрабаў.

Пяты дзень ратавальнікі, міліцыя і жыхары навакольных вёсак у Магілёўскім раёне шукаюць аматара ціхага палявання Дзмітрыя Нікіценку. Яшчэ 14 верасня ён прыехаў на дачу ў Залессе з абласнога цэнтра, адправіўся ў грыбы. Дагэтуль лёс 70-гадовага пенсіянера невядомы.

Арцём Мішэнін, часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка Магілёўскага РАУС: "Адпрацоўваем гэтыя масівы, і зараз знайшлі жанчыну, якая разам з ім летась збірала грыбы. Яна пакажа нам тыя мясціны, якія летась яны разам наведвалі".

Здавалася б, вопытны грыбнік, а знік, гавораць суседзі, родныя. Менавіта яны і забілі трывогу. У тым ліку ў сацсетках. Ды і самі выступілі ў ролі членаў пошукавага атрада.

Пошукавая аперацыя ў разгары. З самай раніцы ўказанні групам - шукаць любыя сляды, якія маглі б вывесці на таго, хто згубіўся.

Па словах членаў пошукавага атрада, верх бестурботнасці ісці ў лес без компаса, сухога пайка і мабільнага тэлефона поўнасцю зараджанага. У гэтым выпадку якраз усё так і адбылося.

Веданне лесу (на што звычайна спасылаюцца грыбнікі) не мае ніякага значэння. Як гаворыцца, і ў трох хвоях можна заблудзіцца. З пачатку сезона толькі ў Магілёўскай вобласці лічыліся прапаўшымі 20 чалавек. Жывымі знайшлі не ўсіх.

Яшчэ трое па-ранейшаму лічацца прапаўшымі. І з кожным днём шанцаў знайсці іх усё менш. Як гавораць эксперты па выжыванні, звычайна пасля пятых сутак яны з кожным днём набліжаюцца да нуля. У чацвер да пошукаў падключацца вайскоўцы, калі трэба, то і авіяцыя.