У школьнікаў - восеньскія канікулы. Як правесці час з карысцю?

4 ноября 2019

Тыдзень без хатніх заданняў і кантрольных! У школьнікаў - восеньскія канікулы. Падлеткам неабходна вызначыцца, як з карысцю правесці гэты час. Тым больш што выбар заняткаў сапраўды вялікі. Напрыклад, у Палацы дзяцей і моладзі працуюць дзясяткі гурткоў па інтарэсах. А ў школах і гімназіях у дзённых лагерах праводзяць розныя мерапрыемствы - віктарыны, квэсты, спартыўныя эстафеты.

Больш падрабязна - Алена Вітко. Міхаіл Шустаў у свае восем гадоў такога робата збірае за некалькі гадзін. У яго руках канструктары не проста набываюць незвычайную форму, але і ажываюць. Усе яго ўласныя распрацоўкі абмяжоўваюцца толькі фантазіяй. Ствараць робатаў і кіраваць такімі тэхналагічнымі канструктарамі Міхаіл вучыцца ў Палацы дзяцей і моладзі. Зараз - падчас канікул - творчы працэс не спыняецца ў розных гуртках і секцыях.

На канікулах сталічны Палац дзяцей і моладзі прапануе дзясяткі розных гурткоў па інтарэсах. Напрыклад, сёння тут праходзіць гарадскі турнір па робататэхніцы, турнір па більярдным спорце і інтэлектуальны анлайн-чэмпіянат. Увогуле, праграма насычаная ўвесь тыдзень. Майстар-класы, лекцыі праходзяць з 9 раніцы і да 9 вечара. Сёння ў Палацы стартаваў тыдзень навукі, тэхнікі і спорту. У яго рамках праходзяць конкурсы для юных архітэктараў і праграмістаў-пачаткоўцаў. Запланаваны і адукацыйныя майстар-класы.

А ў Мінскім заапарку школьнікам прапануюць правесці не проста восеньскія, а "зубастыя канікулы". Падчас навукова-забаўнага квэсту можна стаць сапраўдным заадаследчыкам. І нават выратаваць кракадзіла. Вывучаць жывёльны свет, займацца мадэляваннем ці проста адпачываць. На канікулах школьнікі плануюць свой час так, каб у новай чвэрці паказаць яшчэ больш добрыя вынікі.