У школьнікаў пачаліся зімовыя канікулы

26 декабря 2017

Сёння ў школьнікаў пачаліся зімовыя канікулы. Яны працягнуцца 15 дзён. На гэты час цікавы адпачынак арганізавалі як у школьных лагерах, так і ў цэнтрах творчасці. Праводзяць фестывалі, інтэлектуальныя гульні і майстар-класы. Самы час загадаць патаемныя жаданні ў лісце да Дзеда Мароза, а таксама зрабіць падарункі блізкім сваімі рукамі. Аляксандра Кавеліч - пра карысныя вакацыі.

У гэтай зале – чэмпіянат па більярдным спорце, побач – гул матораў міні-картаў. У сталічны Палац дзяцей і моладзі нават на канікулах школьнікі прыходзяць з самай раніцы. Адпачынак па гусце тут знайшлі і сямікласнікі Арцём і Аліна. Сёння ўдзельнічаюць ў турніры па кіраванні радыёаўтамабілямі.

Пачатак канікул вучні праводзяць і ў прадчуванні любімага зімовага свята. Сваімі рукамі ствараюць падарункі блізкім і сябрам.

Некалькі дзясяткаў твораў, зробленых уручную, нават сталі экспанатамі святочнай выставы пад назвай «Навагодні экспрэс».

А тут, у адным з гандлёвых цэнтраў, можна нават завітаць у госці да Дзеда Мароза і расказаць пра свае самыя запаветныя жаданні як у традыцыйным навагоднім пасланні (для іх тут усталявалі спецыяльную паштовую скрыню), так і асабіста галоўнаму чараўніку зімы.

Як правесці свята не толькі цікава, але і максімальна бяспечна, нагадаюць ратавальнікі. Падчас інтэрактыўных гульняў і конкурсаў разам са школьнікамі ўспамінаюць асноўныя правілы бяспекі на зімовых канікулах.

Тэатральныя паказы, навагоднія балі і нават экскурсіі да экзатычных жывёл. У раскладзе на канікулы – самы разнастайны адпачынак. Правесці вольны час з карысцю можна як у цэнтрах творчасці, так і ў школьных лагерах. Там арганізуюць тэматычныя змены, дзе можна падцягнуць веды па замежнай мове, наведаць майстар-класы па робататэхніцы і нават 3Д-мадэляванні.

Ужо заўтра ў Белдзяржцырку пройдзе галоўная гарадская ёлка для «Нашых дзяцей» з удзелам мэра. Падарункі атрымаюць выхаванцы дамоў-інтэрнатаў, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама пераможцы алімпіяд і творчых конкурсаў – самыя таленавітыя вучні.