У праваслаўных вернікаў Чысты чацвер

25 апреля 2019

Чацвёрты дзень Перадвелікоднага тыдня. Рыхтуючыся да Вялікадня, у дамах наводзяць парадак і пачынаюць пячы кулічы, фарбаваць яйкі. Па-асабліваму да свята рыхтуюцца ў полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры. У святым прыстанку жывуць больш як 100 сясцёр. За падрыхтоўкамі да свята назірала Вольга Маслоўская.

Без лішніх слоў і з малітвай у душы. На манастырскай кухні полацкага прыстанку ідзе прыгатаванне галоўных страў велікоднай трапезы: тварогавага вялікадня, кулічоў і фарбаваных яйкаў. Велікодны хлеб тут пякуць па адным рэцэпце шмат гадоў. Цеста замешваюць з першымі промнямі сонца. Трэці год гэтае паслухмянства давяраюць сястры Вользе.

Упрыгожваюць велікодны пачастунак проста: белая глазура і літары, якія пазначаюць вестку "Хрыстос Уваскрэс". Не мільгаюць яркімі фарбамі і яйкі. Традыцыйны чырвоны колер ім надаюць пры дапамозе натуральнага фарбавальніка - цыбульнай шалупіны. Потым для бляску шкарлупіну праціраюць сланечнікавым алеем.

У перадсвяточныя дні шмат працы ў іканапіснай майстэрні. Тут вырабляюць велікодныя сувеніры. Дэкаратыўныя яйкі, упрыгожаныя шаўковай тасьмой і пацеркамі, стануць падарункам для гасцей і дабрадзеяў святога прыстанку. 

У Чысты чацвер праваслаўныя ўспамінаюць падзеі Таемнай вячэры, падчас якой Ісус устанавіў таемства Святога Прычасця і абмыў ногі сваім вучням. У гэты дзень чалавек павінен ачысціцца духоўна, прычасціцца ў храме, таму ў манастыры з самай раніцы шматлюдна.

Святое Прычасце за Таемнай вячэрай - галоўны матыў і старажытнай фрэскі ў алтарнай частцы Свята-Праабражэнскай царквы. Гэты храм узвёў дойлід Іаан пад кіраўніцтвам самой вялебнай. Больш як 20 гадоў ідзе яго рэстаўрацыя: сантыметр за сантыметрам спецыялісты вызваляюць фрэскі 12-га стагоддзя ад пазнейшых роспісаў, адкрываючы новыя таямніцы і дазваляючы дакрануцца да гісторыі святыні.

Заўтра - Перадвелікодная пятніца - час вялікай скрухі і самага строгага посту. Дзень, калі скончыліся зямныя пакуты Ісуса. Але скруха і смутак змяняецца чаканнем вялікай радасці - Вялікага Уваскрэсення Хрыстовага.