У праваслаўных сёння Вербніца

28 апреля 2013

З самай раніцы ў храмах праходзяць асаблівыя святочныя богаслужэнні. Людзі прыходзяць памаліцца, паставіць свечкі і асвяціць галоўны сімвал свята - галінкі вярбы. Вернікі пачынаюць рыхтавацца і да Страснога тыдня - апошняга перад светлым святам Вялікадня.


У храм адправілася і наш карэспандэнт Наталля Тарасюк. Уваход Гасподні ў Іерусалім, або Вербніца -  адно з 12 галоўных праваслаўных святаў. Вернікі адзначаюць яго ў шосты тыдзень Вялікага посту, за тыдзень да Вялікадня. У гэтыя хвіліны ў Свята-Духавым кафедральным саборы праходзіць Боская літургія. А вось галоўны сімвал свята - галінкі вярбы - можна асвяціць прама перад уваходам у храм. У гэты дзень царква ўспамінае, як Ісус Хрыстос урачыста прыбыў у Іерусалім. Вернікі сустракалі яго як месію і цудатворца, бо ўжо ведалі пра тое, што напярэдадні адбылося ўваскрашэнне праведнага Лазара. Праўда, на нашых землях пальмавыя галіны традыцыйна замяняюць галінамі вярбы, таму свята і завецца Вербніцай. Акрамя таго, вярба раней за ўсе дрэвы распускаецца ўвесну. Богаслужэнні ў храме будуць праходзіць на працягу ўсяго дня. Яны прысвечаныя разважанню над жыццём і пакутамі Ісуса Хрыста. Бо, нягледзячы на ўрачыстасць светлага свята, Вербніца пачынае Страсную сядміцу і папярэднічае крыжавай смерці Хрыста. У праваслаўных хрысціянаў ёсць звычай захоўваць асвячоныя вербы на працягу ўсяго года, можна нават упрыгожваць імі абразы ў доме. Лічыцца, што галінкі валодаюць ачышчальнай сілай, ахоўваюць ад хвароб, сурокаў і злых духаў.