У праваслаўных сёння - Мядовы Спас

14 августа 2018

Паводле традыцыі пчаляры ў гэты дзень частуюць мёдам, у храмах праводзяць урачыстыя набажэнствы. У Беларусі адкрываюцца доўгачаканыя кірмашы і фестывалі. У нашай краіне вытворчасцю мёда занятыя дзясяткі тысяч пчаляроў.

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Каб бяспечна падысці да пчол, ахоўнага касцюма мала. Патрэбны дымар. Насякомае спалохаецца, пачне ратаваць мёд і не будзе джаліць. 50 укусаў за лета - норма для пчаляра. Небяспечна, калі на чалавека нападаюць 200 пчол. Яны не церпяць мітусні і пабочных пахаў, асабліва алкаголю. “Агрэсіўнасць пчол залежыць ад пароды: самыя злыя - афрыканскія (іх разводзяць па ўсім свеце). А самыя добрыя – мае”, - лічыць пчаляр з 20-гадовым стажам Леанід Дземкін. У вуллях ён трымае рускія, украінскія і карпацкія сем’і. Да першага Спаса ўжо сабраў мёд, цяпер рыхтуе гадаванцаў да зімы.

У адной пчалінай хатцы могуць пражываць ад 60 да 100 тысяч пчолак. За сезон яны збіраюць ад 100 да 120 кілаграмаў мёду. Да свята Мядовы Спас гаспадар-пчаляр павінен сабраць увесь мёд, але не ўвесь забіраць сабе. Каля 20 кілаграмаў - гэта з вядро - аддаць самім пчолам, каб яны кармілі сваіх дзетак.

З 20 тысяч пчаляроў Беларусі Дземкін - адзіны, хто стварыў пчаліную аптэку і музей пчол. У калекцыі - эвалюцыя вулляў: самая старажытная драўляная калода з Піншчыны, ёй 250 гадоў. Ёсць хатка ад 1905-га. Сотні экспанатаў - пчалярскія касцюмы, дымары, рамкі. Інтэр’ер хаты і кожны прадмет у ёй - таксама з пчалінай тэматыкай.

Пчалярскую справу падтрымліваюць дзве іконы: праваслаўная - Засімы і Савація, каталіцкая - Марыі Рэгіны. Ва ўсіх рэлігіях свету вытворчасць мёду - справа Божая. З воску робяць свечкі. У аснове гаючых манастырскіх настоек - пчаліныя прадукты. Пчала для вернікаў - узор працавітасці і калектывізму. Мёд - свяшчэнны прадукт, які дазволена ўжываць нават у пост.

Акрамя асвячэння мёду, сёння ў храмах узгадваюць Дрэва Жыватворнага Крыжа, на якім быў распяты Ісус. У праваслаўных тры Спасы. З сённяшняга дня для вернікаў пачынаецца Успенскі пост - адзін з самых строгіх у годзе.