На гэтым тыдні беларускія дэпутаты паставілі кропку ў доўгіх спрэчках, ці трэба забіраць у п'янага вадзіцеля машыну. Згодна з законапраектам, які ў сераду быў прыняты адразу ў двух чытаннях, трэба. Асаблівых пярэчанняў не было ды і быць не можа. Па-першае, статыстыка ДТЗ толькі першага паўгоддзя тлумачыць, чаму гэтай тэме сёння ўдзяляецца так шмат увагі. А, па-другое, дэпутаты не забылі ўлічыць усе тыя нюансы, якія звычайна ўзнікаюць, калі размова заходзіць пра ўласнасць і жыццё. Зараз наступны крок - вырашыць, як паменшыць колькасць аўтахамаў. Мяркуючы па рашучасці, якая была ў сераду ў Авальнай зале, надоўга гэтае пытанне адкладваць не збіраюцца.
Пра дарожную рыторыку ў сценах парламента і не толькі - Вадзім Шчаглоў. Суботні рэйд на сталічным праспекце Жукава. Трафік тут звычайны для выхаднога дня. Дзяржаўтаінспектары выбарча спыняюць аўтамабілі і правяраюць дакументы. 15-я хвіліна здымак. І ўжо першы парушальнік. У Андрэя няма з сабою правоў, сказаў, што забыў дома. Аказваецца, пазбаўлены за кіраванне ў п'яным выглядзе яшчэ некалькі месяцаў таму. Інспектары прапаноўваюць зноў паўтарыць знаёмую працэдуру. 2,9 праміле - бутэлька гарэлкі без закускі. Вадзіцель сеў п'яным за руль паўторна на працягу года. Калі б новы закон, які робіць больш жорсткай адказнасць для такіх вадзіцеляў, ужо ўступіў у сілу, Андрэя б пазбавілі аўтамабіля, пакуль жа - гэта крымінальная адказнасць. Па віне п'яных шафёраў загінулі 24 чалавекі, 150 - засталіся інвалідамі.
Здавалася б, лічбы статыстыкі, што паўтараюцца з года ў год, але за імі - чалавечыя жыцці і скалечаныя лёсы. Таму нядзіўна, што ў Авальнай зале на тыдні - небывалае абмеркаванне законапраекта, які дазваляе забіраць аўтамабілі, і небывалая аднадушнасць.
Але за ўсім гэтым - пасяджэнні экспертных груп, вывучэнне грамадскай думкі, шматлікія дыскусіі на форумах, у друку, на тэлебачанні. Пытанні ўзнімалі і журналісты, задаючы іх на вышэйшым узроўні. Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі беларускім і замежным СМІ Прэзідэнта таксама пыталі пра парадак на дарогах.
Забіраць аўтамабіль будуць толькі ў тых вадзіцеляў, хто сеў за руль п'яным як мінімум двойчы на працягу года. Нават тут дзяржава дае шанц выправіцца. Меры не даюць падставы для крытыкі - калі вадзіцель трапіць нецвярозым на чужой машыне, яе таксама канфіскуюць.
Сяргей Канапко, інспектар дарожна-патрульнай службы: Штрафам зараз нікога не напалохаеш. Ёсць такія людзі, больш заможныя, ён гэты штраф заплаціў, па кішэні яму асабліва не стукнула, і ён як бы працягвае ездзіць. Калі чалавек трапляецца на машыне, не важна, яго гэта машына, сябра машына, я лічу, што цалкам мэтазгодна яе канфіскоўваць.
Ды яшчэ і трэба разумець, уладальнік аўто, найбольш імаверна, ведаў, што ў парушальніка і так няма правоў. Адзінае выключэнне - выкраданне. Вырастуць і штрафы за язду ў нецвярозым стане - да 10 мільёнаў рублёў. Больш жорсткім будзе і крымінальнае пакаранне - пазбаўленне волі ад 5 да 10 гадоў, калі п'яны вадзіцель насмерць збіў чалавека.
Галіна Камароўская, адвакат: Калі гаварыць пра нецвярозых вадзіцеляў, то гэты шлях праходзілі і доўга абмяркоўвалі многія найбліжэйшыя краіны Еўропы, уключаючы Латвію, Літву, Польшчу. Ва ўсіх краінах, Літва, Латвія ўжо такая мера ёсць для нецвярозых вадзіцеляў.
Прымаючы законапраект, беларускія дэпутаты гаварылі не столькі пра яго, колькі пра далейшыя крокі на шляху вырашэння дарожных праблем. Перад імі такія пытанні ставяць выбаршчыкі. І мяркуючы па ўсім, гэта толькі пачатак.
Законапраект, які робіць больш жорсткай адказнасць для п'яных вадзіцеляў, павінны адобрыць у Савеце Рэспублікі. Канчатковую кропку ў гэтым пытанні паставіць Прэзідэнт.