Ля Палаца спорту сёння разгорнецца відовішчны фізкультурна-спартыўны фестываль

8 сентября 2018

Сёння Мінск адзначае 951-ы дзень нараджэння. Рыцарскія турніры, горад майстроў, модныя паказы і, вядома, спартыўныя шоу.

Свята сталіцы чарговы раз дакажа, што беларусы - нацыя спартыўная. Ля Палаца спорту сёння разгорнецца відовішчны фізкультурна-спартыўны фестываль. Чакаецца ўдзел у свяце Кіраўніка дзяржавы. Арганізаваны 7 пляцовак па розных відах спорту. З 11 да 15 тут пройдуць забегі на роліках і лыжаролерах, а таксама парусная рэгата, спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ, паказальныя выступленні каратыстаў і барцоў, майстар-класы па шахматах і валейболе, турнір па баскетболе 3 на 3.

Уладзімір Каваленя, начальнік упраўлення Міністэрства спорту і турызму Беларусі: "Чакаць актыўнага адпачынку, пазітыўных эмоцый і яркіх мерапрыемстваў, звязаных са спортам. Сапраўды, пляцовак будзе вялікая колькасць. Можна будзе паспрабаваць сябе ў розных відах спорту. Але таксама дзве яркія падзеі, якія ўпрыгожаць гэта мерапрыемства. Гэта забег на ролікавых каньках і лыжаролерах, заезд на байдарках і каноэ, які пройдзе ў акваторыі ракі Свіслач".

Запланаваны і міжнародны турнір па сілавым экстрыме Minsk Open Cup-2018. Запрошаны вядомыя беларускія спартсмены. Далучыцца да спаборніцтваў можа кожны. Каля Палаца спорту будуць працаваць пункты праката інвентара і фуд-корты. Чакаецца канцэртная праграма.