Ля Палаца спорту адкрыўся школьны кірмаш. Амаль 500 мадэляў адзення прапануюць айчынныя прадпрыемствы

17 августа 2019

Крыху больш за два тыдні застаецца да пачатку новага навучальнага года. За парты 2 верасня сядуць мільён 30 тысяч школьнікаў. Рыхтуюцца не толькі школы, але і вучні. Сёння каля Палаца спорту адкрыўся найбуйнейшы школьны кірмаш. Амаль 500 мадэляў адзення прапануюць айчынныя прадпрыемствы. Абноўлены фасон, палітра, дапоўнены памерны рад. Наладзілі тут і вялікую распрадажу. Скідкі на некаторыя мадэлі даходзяць да 50 %. Ёсць тавары і з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. Так што ахвотнікаў закупіцца перад навучальным годам сёння хоць адбаўляй. Для дзяцей арганізавалі гульнявую пляцоўку, фуд-корты і нават правялі мадэльны паказ. Аб падрыхтоўцы да школы ў лічбах, эмоцыях і ўражаннях Юлія Хмель.

З расійскай сталіцы ў беларускую па школьную форму. Каб абнавіць гардэроб да Дня ведаў, сям'я Насці Мельнікавай прыехала з Масквы. У школе ў дзяўчынкі можна насіць форму толькі сіняга колеру, таму да выбару падыходзяць асабліва дэталёва. 

З раніцы амаль 40 сталічных магазінаў і прадпрыемстваў прапанавалі сваю прадукцыю. Тут можна купіць усё неабходнае да 1 верасня. 

Вызначыцца з выбарам дапамагаюць і прадаўцы, даюць модныя парады. Адзенне можна прымерыць прама на месцы. Ды і выбіраць ёсць з чаго. Усяго ў гэтым сезоне Беллёгпрам прапанаваў больш за 500 мадэляў школьнага асартыменту. Упершыню ў калекцыі з'явіліся спадніцы плісэ з шыфону. Яшчэ адно адрозненне цяперашняй калекцыі - адзенне plus size. Ужо традыцыйна ў мадэльным радзе  камбінаваны джэмпер з устаўнымі элементамі дзелавой кашулі.

Апроч сталічных універмагаў, таксама тут рэалізуюць прадукцыю індывідуальныя прадпрымальнікі.

У іх прадэманстравана каля 150 мадэляў. 

На кірмашы прапанаваны і вялікі асартымент рукзакоў. Цэны розныя: ад 40 да 160 рублёў. Ёсць і спецыяльныя з анатамічнай спінкай для першакласнікаў. Таму груз падручнікаў  здароўю не пашкодзіць. А вось каб напоўніць ранец неабходным (ручкі, алоўкі, пенал, дзённік, вокладкі, сшыткі),  сярэдні чэк складзе 100 рублёў. І гэтага, пераконваюць прадаўцы, хопіць на год.

Тут жа разгарнуўся ўжо дзявяты кірмаш стокавых нехарчовых тавараў. Гэта распрадажа калекцый мінулых гадоў. Напрыклад, калі застаўся адзін памер касцюма. Зрэшты, калі не гнацца за навінкамі сезона, то гэта выдатная магчымасць сэканоміць. Усе тавары з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. А скідкі даходзяць да 70 %, адзенне практычна дарма.

Усяго рэалізацыю тавараў да новага навучальнага года арганізуюць больш за 400 прадпрыемстваў горада. 

Зрэшты, даступнасць і разнастайнасць прадукцыі абяцаюць і ў малых населеных пунктах Беларусі. Таксама асаблівая ўвага падрыхтоўцы да школы дзяцей з малазабяспечаных сем'яў і дзяцей-сірот. 

Дзмітрый Пляханаў, намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама:"Зараз у рэспубліцы праходзіць акцыя "Збяры партфель першакласніку". Буйныя ўнівермагі і прадпрыемствы сталіцы такую дабрачынную акцыю прыдумалі для таго, каб перадаць у далейшым у дзіцячыя дамы тавары, сабраць не толькі сваіх дзетак, але і тых, хто абдзелены ўвагай".

Школы таксама рыхтуюцца сустрэць вучняў. Зараз ва ўстановах наводзяць глянец, завозяць падручнікі, неабходную мэблю, тэхніку. Яшчэ пару дзён і ўсе школы ўжо атрымаюць пашпарты гатоўнасці.

Ігар Карпенка, Міністр адукацыі Беларусі: "На сённяшні момант у больш як 70 % школ, прад'яўленых да пашпартызацыі, падпісаны пашпарты гатоўнасці. Сёлета мы будзем уводзіць 8 школ-новабудоўляў. Як вы ведаеце, гэта, як правіла, тыя мікрараёны, якія масава забудоўваліся, дзе адбылося перамяшчэнне насельніцтва ў рамках горада або абласнога цэнтра, дзе школа была неабходная. У Мінску дзве такія школы будуць уводзіцца ў мікрараёне Сухарава і мікрараёне Уручча".

У новым навучальным годзе па веды прыдуць 115 тысяч першакласнікаў. Гэта на 5 тысяч больш, чым у мінулым. Усяго па краіне за парты 2 верасня сядуць мільён 30 тысяч школьнікаў. І ў кожнага будзе свой модны строй.