У Беларусі ёсць усе шанцы выкараніць сухоты да 2030 года

20 ноября 2018

Такую задачу ставіць Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Шляхі барацьбы з хваробай і доступ да якасных лекаў у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі сёння ў Мінску абмяркоўваюць спецыялісты з 15 краін. Беларусь невыпадкова абраная пляцоўкай для форуму. Паводле ацэнак экспертаў, наша краіна займае адно з першых месцаў у свеце па доступе насельніцтва да медпаслуг.

Валерый Малашка, Міністр аховы здароўя Беларусі: "Сучасныя схемы лячэння гепатыту С стартавалі і ў нас у краіне, мы маем толькі за мінулы год больш за 1000 пацыентаў, якіх мы пралячылі, і бачым эфектыўнасць. Сёлета мы закупку падвойваем, і ў наступным годзе мы павялічым колькасць пацыентаў, якія будуць лячыцца сучаснымі схемамі ад гепатыту С".

Дарэчы, два гады таму САЗ пацвердзіла прадухіленне перадачы ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу ад маці да дзіцяці ў Беларусі. Наша краіна першая і адзіная ў Еўропе атрымала такое пасведчанне.