Тысячы кветак вырасціў 17-гадовы хлопец з Брэста

17 августа 2019
Зараз у яго некалькі ўчасткаў, засаджаных рознымі раслінамі. І ўсе ён даглядае самастойна. Частку сваёй калекцыі ён вырашыў падарыць гораду да 1000-гадовага юбілею. І стварыць у Брэсце новы сад. Марыя Тройніч пабывала ў квітнеючым гадавальніку. 

Аднагодкі жартам называюць яго батанікам, але ён не крыўдзіцца.
Гаворыць, расліны - усё яго жыццё. Сад 17-гадовага Кірыла Ваўранюка стракаціць  сотнямі бутонаў. Сярод іх не толькі ўсім вядомыя ружы, ірысы і гартэнзіі, але і аўтарскія,  выведзеныя самастойна кветкі.
У самаробных цяпліцах больш за  40 гатункаў вінаграда. 
Зялёны, ружовы, цёмна-сіні. Усё гэта малады чалавек вырасціў сам. Расліны палюбілі брэсцкі клімат.
Кірыл жыве з бацькамі, але даглядаць сваю аранжарэю нікому не давярае. Нават нягледзячы на тое, што ў гарачае надвор'е прыходзіцца працаваць увесь дзень. Участкаў у хлопца  тры: раслін было так шмат, што замахнуўся нават на азеляненне суседскіх участкаў. Усе былі толькі за. Разводзіць кветкі Кірыл пачаў сем гадоў таму. На гэта хобі яго падштурхнула цікаўнасць і прыгажосць кветак. Некаторыя расліны гадавальніка юны брастаўчанін прадае на рынку. Усе выручаныя грошы траціць на куплю новых экзэмпляраў для сваёй калекцыі. 
Восенню вывучаць прыроду раслін Кірыл пачне яшчэ і за студэнцкай партай. Ён будзе вучыцца ва ўніверсітэце на эколага. А нядаўна ў хлопца з'явілася мара: падарыць Брэсту хай не мільён руж (як у песні), а хоць бы частку сваёй калекцыі. І стварыць новы сад. Гарадскія ўлады вырашылі пайсці насустрач і зараз вызначаюць месца пад новыя кветнікі. Паводле слоў юнага кветкавода, гэта стане яго асабістым унёскам ва ўпрыгажэнне да свята тысячагоддзя.