Барысаў культурны, прамысловы, спартыўны і турыстычны. Патэнцыял горада на Бярэзіне даследавалі прадстаўнікі турыстычнай сферы з усёй краіны. Выязны семінар Нацыянальнага агенцтва па турызме прайшоў у рамках акцыі "Культурная сталіца года".
На экскурсійны маршрут разам з удзельнікамі адправілася і Алена Вітко.
Даследаваць шматлікія амплуа Барысава сюды прыехалі экскурсаводы, гіды-перакладчыкі і кіраўнікі турыстычных кампаній з усёй краіны. Старт далі ў бібліятэцы імя Каладзеева, а фінішуюць на галоўнай спартыўнай арэне. Пакуль жа прыпынак у раённым цэнтры народнай творчасці.
Саламяныя павукі і керамічны посуд, карціны на тканіне ў тэхніцы набіванкі і гарачы батык. Усе гэтыя народныя промыслы прадстаўлены ў Цэнтры традыцыйнай культуры. Мясцовыя рамеснікі і зараз папаўняюць экспазіцыю.
Ала Сідаровіч, малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра традыцыйнай культуры г. Барысава: "Работы гэтыя адметныя тым, што мы бачым на іх рамяство маляванкі. Але гэта не проста маляванкі - яны зроблены па тых сюжэтах, якія прадстаўлены ў нашых міфах і міфах Барысава. Гэта міф пра Цара-вужа, гэта міф пра сабак Стаўры і Гаўры і стварэнне свету, маляванка, прысвечаная дударам".
Багатая тут і гістарычная спадчына. Толькі ў Доме-сядзібе Каладзеева каля тысячы экспанатаў. Яны распавядаюць аб самім калекцыянеры і пра падзеі напалеонаўскай эпохі. На гэтых аўтэнтычных картах, напрыклад, планы і шлях французскага палкаводца. Экспанаты - адны з апошніх, але ёсць і іншыя артэфакты.
Наталля Касперская, кіраўнік Дома-сядзібы імя Каладзеева: " Гэта сапраўдны артэфакт вайны 1812 года. Гэта шпага барабаншчыка французскай арміі Напалеона. Барабаншчыкі былі падлеткамі 13-14 гадоў. Тут відаць, што шпагу карацілі, тут на гранях выгравіраваны лозунгі. І гэтая шпага з гісторыі 200-гадовай - гэта была сямейная каштоўнасць у Францыі. У выніку яна апынулася ў нас".
Ганна Вашчынчук, начальнік аддзела Нацыянальнага агенцтва па турызме: "Нацыянальнае агенцтва па турызме рэгулярна праводзіць такія выязныя семінары. І мы знаёмім турыстычную грамадскасць з патэнцыялам Беларусі для развіцця ўнутранага турызму. Зараз цалкам па-новаму зайграла кожная турыстычная кропка, і мы выкарыстоўваем любыя магчымасці. Выбралі такі маршрут, каб прадставіць прамыслова-культурны 1812 года Барысаў".
І здаецца, чым можна здзівіць дырэктара турыстычнай кампаніі. Але Вера Карачанцава фіксуе кожны крок. Для яе важна прапанаваць беларускім і замежным турыстам лепшы маршрут.
Вера Карачанцава, дырэктар турыстычнай кампаніі: "Мы прапаноўваем для нашых турыстаў "Адпачынак як мастацтва", хочам, каб яны атрымлівалі масу задавальнення, асалоды ад адпачынку. Нейкія новыя густы, эмоцыі, незабыўныя ўражанні - усё гэта ад адпачынку. Таму мы лічым, што ў Беларусі ў нас можна падарожнічаць. І, дзякуючы нацыянальнаму агенцтву, спазнаём усё новае, каб турыстам прапанаваць усё лепшае".
Маршрут па прамысловым цэху альбо гастранамічны тур, экскурсія ў замкавы комплекс ці аграсядзібу. Варыянтаў для знаёмства з роднымі мясцінамі шмат. Толькі ў Мінскай вобласці - больш за паўтысячы турыстычных і каля 400 экскурсійных маршрутаў. Ёсць і больш за 80 варыянтаў для экатурызму. А ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў уваходзіць каля 700 аб'ектаў Цэнтральнага рэгіёна.













