Турыстычны бартар арганізавалі Беларусь і Краснадарскі край

14 мая 2013

Напэўна ўжо кожны беларус задумаўся над тым, дзе правесці будучы водпуск. Тураператары таксама ў боегатоўнасці. Прывабіць адпачывальнікаў на свой курорт або ў свой гатэль  пры цяперашняй разнастайнасці прапаноў - задача не з лёгкіх. Турыстычны бартар арганізавалі Беларусь і Краснадарскі край. Дамоўленасцяў дасягнулі падчас інфармацыйнага тура па Чарнаморскім і Азоўскім узбярэжжы. За мінулы тыдзень прадстаўнікі турбізнеса нашай краіны ацанілі лячэбную базу і наведалі сотню санаторыяў і гатэляў Кубані. Як збіраюцца пацясніць галоўных канкурэнтаў - Турцыю і Егіпет, і дзе беларусам знайсці адпачынак ад 20 долараў? 


Ілона Красуцкая адправілася за адказамі на курорты Краснадарскага края.

Яны прыехалі здымаць турыстычныя вяршкі Краснадарскага края, а, па сутнасці, сталі рэвізорамі айчыннай прапановы. На поўдні Расіі санаторый Белая Русь у топе элітнага адпачынку. Кожны сезон прайсці лячэнне мінеральнай вадой і выпрабаваць дыягнастычную базу сюды адпраўляюцца сотні беларусаў. Летась на курортах Краснадарскага края адпачылі 30 тысяч беларусаў. Лічба не вялікая. Асноўны турпаток па-ранейшаму пад уладай Турцыі і Егіпта. Адпуджвае беларусаў хутчэй дарагоўля білетаў, як авія, так і чыгуначных. Міністэрства курортаў і турызму Краснадарскага края перагледзіць супрацоўніцтва з нацыянальным перавозчыкам Белавія. Павялічаць колькасць чартарных рэйсаў, што дазволіць знізіць цэны на пералёты.

60% гатэляў і міні-гасцініц Кубані сёння знаходзяцца ў прыватных руках. Беларусам гатовыя прапанаваць не толькі фешэнебельны, але і адпачынак эканомкласа. Яго стартавы кошт ад 160 тысяч рублёў за нумар за суткі. І, вядома, у дзіцяча-юнацкіх цэнтрах чакаюць на адпачынак маленькіх беларусаў. Прапаноўваюць двухмеснае размяшчэнне. Выязныя экскурсіі, лячэнне і актыўны адпачынак на свежым паветры супрацьстаяць залежнасці ад сацсетак.

Хаос прапаноў Анапы, Геленджыка і Наварасійска прывядзе ў парадак інфармацыйна-турыстычны цэнтр курортаў Краснадарскага края. Яго адкрыюць у Мінску ўжо сёлета. Інфармацыю пра бюджэтны адпачынак, славутасці, варыянты турпакетаў дадуць не толькі анлайн, але і па тэлефоне гарачай лініі. Турыстычны бартар знойдзе адлюстраванне і ў сумеснай рэкламнай кампаніі. Жамчужыны курортаў Беларусі і Краснадарскага края размесцяць на білбордах. Яны ўпрыгожаць як сталічныя праспекты, так і вуліцы Кубані. Чаканы эфект для айчынных тураператараў - не адна тысяча турыстаў з Краснадарскага края ў Мінску падчас чэмпіянату свету па хакеі.