Экалагічныя маршруты і рэлакс на свежым паветры. Турыстычныя комплексы Нацыянальнага парка "Белавежская пушча" адкрываюць сезон. Сотні турыстаў - і замежных таксама - сёння аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку ў беларускіх лясах. Чым вабяць гасцей айчынныя краявіды - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.
На самым ускрайку Белавежскай пушчы былы маёнтак графаў Тышкевічаў сёння ператварыўся ў сучасны турыстычны комплекс. Свежае паветра, актыўны адпачынак і багатая гісторыя прыцягваюць сюды сотні гасцей. Даведацца пра славуты род беларускіх магнатаў можна не пакідаючы пакояў. Калекцыя партрэтаў, зброі і паляўнічых трафеяў размясцілася ў імправізаваным музеі. А кожны супрацоўнік комплексу гатовы распавесці, як жылі і чым займаліся былыя ўладальнікі белавежскіх лясоў.
Не толькі гісторыя, але і запаветныя лясы сталі адметнасцю турыстычнага комплексу. Сустрэць дзікіх жывёл можна падчас ранішняй прагулкі ці рыбнай лоўлі на шматлікіх азёрах. Дапаўняюць атмасферу стагадовыя дубы і сосны, якія растуць уздоўж сцежак.
Галоўная адметнасць сядзібы - гэта Нацыянальны парк "Белавежская пушча". Паназіраць за ўнікальнай прыродай можна як пешшу, так і на веласіпедзе. Дарэчы, у наваколлях пракладзена больш за 50 кіламетраў веламаршрутаў. А такое падарожжа можа заняць нават цэлы дзень.
Едуць у пушчу як асобныя турысты, так і цэлыя групы. Арганізоўваюцца нават тэматычныя экскурсіі і міжнародныя пленэры. Едуць у пушчу і па самабытную беларускую кухню, асабліва госці з-за мяжы. Верашчака, мачанка і, безумоўна, дзічына. Месца гэтае славіцца сваімі паляўнічымі ўгоддзямі.
Повар Вольга Нарэцкая не толькі сама гатуе прысмакі, але і з задавальненнем дзеліцца рэцэптамі з гасцямі. Прызнаецца, ужо некалькі сезонаў у кулінарным топе - белавежскія дранікі.
Экалагічны турызм набывае ўсё большую папулярнасць у адпачывальнікаў. Толькі ў мінулым годзе гэты комплекс на поўначы Белавежскай пушчы наведалі амаль тры тысячы гасцей. Не меншыя планы і на сёлетні сезон.
Турыстычныя комплексы Нацыянальнага парка "Белавежская пушча" адкрываюць сезон
11 июля 2020













