Туман унёс карэкціроўкі ў расклад Нацыянальнага аэрапорта Мінск

9 Лістапада 2018

У топе навінавых стужак апошніх дзён - густы туман, што ахутаў Беларусь. Сур'ёзных наступстваў незвычайная прыродная з'ява не прынесла: усплёску ДТЗ не зарэгістравана, рух транспарту ў гарадах не парушаны. Больш за ўсё карэкціровак туман унёс у расклад Нацыянальнага аэрапорта Мінск. У галоўную паветраную гавань краіны самалёты прылятаюць са спазненнем. Некаторыя рэйсы і зусім былі скасаваныя. Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, рассеецца туман толькі заўтра да абеду. Падрабязнасці ў Юрыя Шаўчука.

Пасля таго як у Мінск прыляцелі госці з Туманнага Альбіёна, усе журналісты ў адзін голас пачалі звязваць гульню паміж БАТЭ і "Чэлсі" з прыроднай з'явай, больш звыклай для Англіі. Але госці з Лондана паляцелі, а туман канчаткова асталяваўся ў Мінску. У выніку пасля гульні футбалісты БАТЭ сталі заложнікамі турнірнай табліцы, а ўсе беларусы нявольнікамі густога туману.

З раніцы паветраная гавань краіны сутыкнулася з цяжкасцямі, якія прынёс туман. На працягу дня ў Нацыянальным аэрапорце Мінск перыядычна ўносіліся карэкціроўкі ў расклад прылётаў самалётаў. Затрымліваліся практычна ўсе рэйсы. Ранішні борт з Калінінграда ў сувязі з умовамі надвор’я і зусім быў скасаваны. Вылеты праходзілі ў штатным рэжыме. Канчаткова туманныя перспектывы для авіятараў рассеяліся толькі пасля абеду. А вось самая апошняя інфармацыя аб працы аэрапорта.

У сувязі з умовамі надвор’я існуюць некаторыя абмежаванні на прылёт у аэрапорт Мінска. Рашэнне аб вылетах з іншых аэрапортаў будзе прымацца экіпажамі паветраных суднаў зыходзячы з умоў надвор’я. На вылет з нацыянальнага аэрапорта абмежаванняў няма.

Складанасці ў сувязі з густым туманам адчувалі і вадзіцелі. Бачнасць на дарогах вар'іравалася ад 100 да 500 метраў. Аварый з трагічнымі наступствамі, звязанымі са складанымі ўмовамі надвор’я, зарэгістравана не было.

Усплёску ДТЗ зарэгістравана не было, а, мабыць, самы сур'ёзны інцыдэнт на дарогах краіны, які ў ДАІ звязалі з надвор'ем, здарыўся ў Воранаўскім раёне. Там школьны аўтобус трапіў у аварыю - вадзіцель і двое дзяцей былі дастаўленыя ў бальніцу. Сур'ёзных траўм ніхто не атрымаў.

Як паведамляе дарожная міліцыя, у тумане мужчына за рулём аўтобуса выехаў на сустрэчную паласу, у выніку чаго сутыкнуўся з пагрузчыкам. Вадзіцель аўтобуса аказаўся заціснутым у салоне - яму дапамаглі выбрацца байцы МНС.

Нягледзячы на тое, што пасля абеду туман пачаў адступаць, у ДАІ па-ранейшаму просяць вадзіцеляў устрымацца ад лішніх перастраенняў і абгонаў, а таксама не выключаць фары і не перавышаць хуткасць. Больш уважлівымі варта быць і пешаходам з веласіпедыстамі. Гэтым удзельнікам дарожнага руху неабходна пазначыць сябе святлоадбівальнымі элементамі і сачыць за тым, каб яны былі бачныя вадзіцелям.

Ірына Сапунова, інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Мінаблвыканкама: "Мы рэкамендуем аўтаўладальнікам рухацца з максімальнай асцярожнасцю, захоўваць хуткасны рэжым, правілы абгону, таксама захоўваць максімальную дыстанцыю да транспарту, што ідзе наперадзе, пастаянна кантраляваць дарожную сітуацыю".

Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, густы туман у Беларусі захаваецца і заўтра. Паступова прыродная з'ява пачне адступаць толькі пасля абеду. Дарэчы, нічога звышнатуральнага ў тым, што беларусы ўсё часцей успамінаюць вядомую песню Вячаслава Дабрыніна і знакаміты савецкі мультфільм, няма.

Для такой цёплай восені гэта цалкам звычайная з'ява.

Аляксандра Шавялёва, дзяжурны сіноптык Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі: "У пачатку тыдня па рэспубліцы прагназуюцца ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Будзе адзначацца галалёд і ў панядзелак, моцны парывісты вецер".

З прыходам халадоў туманы канчаткова адступяць. А ньюсмейкерамі па традыцыі стануць дарожныя службы і камунальнікі. Як нам паведамілі ў Гаррамаўтадары, да зімы яны гатовыя на 100 %. На расчыстку снегу зараджана каля 750 адзінак тэхнікі. Так што спадзяёмся, што сёлета снег і халады не абернуцца сюрпрызам для камунальных служб.