Кветкавыя тэматычныя кампазіцыі ўпрыгожылі сталіцу

8 мая 2020
Да 9 Мая Мінск у літаральным сэнсе заквітнеў! Уздоўж цэнтральных праспектаў жывыя карціны ўвасабляюць асноўныя сімвалы Перамогі. Яблыневыя галінкі, стракатыя стужкі і сама лічба семдзесят пяць у розных інтэрпрэтацыях. Рознакаляровыя кампазіцыі створаны з цюльпанаў, крокусаў, гіяцынтаў. Менавіта гэтыя цыбульныя расліны распускаюцца самымі першымі. Юлія Токар сабрала фларыстычную калекцыю.


Кветкі да 9 Мая вырошчваць пачалі яшчэ ў студзені


У гэтыя дні Мінск, здаецца, напаўняецца водарам вясны! Цюльпаны, гіяцынты, крокусы квітнеюць на вуліцах і праспектах. Новыя фларыстычныя кампазіцыі ўбачым адразу па некалькіх адрасах: на развязцы вуліцы Арлоўскай і праспекта Незалежнасці, уздоўж праспекта Дзяржынскага. А, напрыклад, тут, у парку Перамогі, дызайнеры з кветкавых бутонаў стварылі нібы жывыя стужкі пераможнага мая. Каб зараз амаль дзве тысячы кветак унеслі ў выгляд мегаполіса больш фарбаў, вырошчвалі расліны ў цяпліцах са студзеня. І зараз, як бачым, для жывых карцін надвор'е максімальна камфортнае. Гэтыя цыбульныя штогод цвітуць першымі. 


Клумбы, скульптуры з кветак, рознакаляровыя кашпо


Акрамя клумбаў, усталяваныя і скульптуры з кветак, рознакаляровыя кашпо. І нельга не заўважыць жоўтыя шапкі шматгадовых фарзіцый.  Сярод фларыстычных тэндэнцый – спалучэнне злакавых і кветак. А яшчэ на сталічных праспектах з'яўляюцца ружы, якія вельмі капрызныя і патрабавальныя да гарадскіх умоў. Але азеляніцелі знайшлі падыход і да далікатнай расліны.