Кветкавыя прадпрыемствы Мінска рыхтуюцца да сустрэчы Дня ўсіх закаханых

13 февраля 2015

Самымі запатрабаванымі напярэдадні Дня святога Валянціна былі і застаюцца бардовыя ружы. Толькі за наступныя два дні галоўны пастаўшчык кветак плануе прадаць больш за 25 тысяч руж, што ў 4-5 разоў больш, чым у звычайныя дні. Каб вырасціць адзін бутон зімой, патрэбна ў паўтара раза больш часу, чым у цёплыя месяцы.

З плантацыі рэпартаж Надзеі Сербіненкі.

У аднаго з самых буйных кветкавых вытворцаў Мінска настаў напружаны перыяд. Тут ідзе апошняя падрыхтоўка да масавай зрэзкі руж да Дня святога Валянціна. Кветавод Анастасія Шафаровіч выбірае толькі самыя прыгожыя і буйныя экзэмпляры.

“Аква”, “Даламіці”, “Тапаз”, “Рэд Наомі” - гэта іх назвы. Усяго тут вырошчваюць больш за 30 сартоў розных адценняў.

Зрэзку руж кветкаводы выконваюць з дапамогай вось такога інструмента – сякатара. Зрэз ружы павінен быць не скошаным, а прамым. А вось даўжыня кветкі залежыць ад сорту.

Пасля зрэзкі кветкі адпраўляюць на сартаванне. Ужо тут ружы раскладваюць ў залежнасці ад даўжыні сцябла, велічыні бутона і колеру. Потым упакоўка.

У пераходзе каля чыгуначнага вакзала кветак удосталь. Акрамя традыцыйных чырвоных і белых руж, тут ёсць жоўтыя, пурпурныя і аранжавыя кветкі.

Сёння ў Мінску працуе каля 300 гандлёвых аб'ектаў па продажы кветак. Дадатковыя пляцоўкі будуць арганізаваны і заўтра. Распрадажы кветак таксама прадугледжаны.