Цуй Цімін: З Беларуссю мы дасягнулі найлепшага ў гісторыі ўзроўню ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах

24 марта 2020
Усепагоднае сяброўства - менавіта так апісваюць у Кітаі высокі ўзровень партнёрства з Беларуссю.
І тут размова не аб кліматычных змяненнях, а аб устойлівасці і эфектыўнасці нашых сувязяў у палітыцы, дыпламатыі, эканоміцы, сацыяльным развіцці і культуры. Выстаяць сумесныя вялікія праекты і пад ударам эпідэміі віруса новага тыпу. Да таго ж ёсць усе магчымасці да канца года яшчэ і дадаць у эканамічнай сферы. 
У прыватнасці, пра гэта сёння гаварылі ў Палацы Незалежнасці на сустрэчы Прэзідэнта з паслом КНР у Беларусі  Цуй Цімінам. Падрабязна спыніліся на праектах, якія паспяхова перажываюць вірусны стрэс-тэст на трываласць і тых, што дададуць у скарбонку двухбаковага партнёрства. Не абышлі бокам і сумесную барацьбу з эпідэміяй - краіны ўзбагачаюць вопыт адна адной і дэманструюць усяму свету галоўны тэзіс - вірус можна перамагчы, калі працаваць дасведчана, кропкава і зладжана, без панікі. 

Наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў  ведае пра сустрэчу больш.

Усепагоднае сяброўства з Кітаем без страты часу

У кітайскім табелі аб рангах краін-партнёраў за два дзесяцігоддзі Беларусь зрабіла вялізны шлях уверх. Ад асколка краіны Саветаў і тэра інкогніта для дыпламатаў і інвестараў да ўсепагоднага сяброўства. У апошнія месяцы афіцыйныя Пекін і Мінск яшчэ раз паказалі - статус верны. Сябар пазнаецца ў бядзе, вось яна прыйшла як рэальны вірус і інфармацыйная параноя - і хто падаў руку першым? Спачатку Беларусь Кітаю, а сёння ўжо Паднябесная, якая адолела эпідэмію, Беларусі і ўсяму свету.
Галоўны тэзіс, які Кітай сёння нясе свету, -  каранавірус не прысуд. І пры дасведчанай працы ад медыцыны да дзеянняў улады эпідэмія лакалізуецца і пераадольваецца. Другое - менавіта так правяраецца на трываласць эканоміка, эканамічныя партнёры і шырэй  салідарнасць. Беларусь у гэтым сэнсе  была першай, хто дапамог, і першая, хто сёння гаворыць нават не пра аднаўленне -  пра рост. 

У "Вялікі камень" увайшла яшчэ адна буйная кітайская карпарацыя, стаўшы 59-м рэзідэнтам парка 

Упэўненасць афіцыйнага Мінска падзяляюць і кітайскія партнёры. Нягледзячы ні на якія эпідэміі, у канцы мінулага тыдня ў "Вялікі камень" увайшла яшчэ адна буйная кітайская карпарацыя, стаўшы 59-м рэзідэнтам парка. А ўсяго тут прадстаўлена 16 краін. Новы рэзідэнт парка будзе займацца навуковымі распрацоўкамі - аптычныя прыборы, аўтамабільныя датчыкі і новыя матэрыялы  для ўкаранення ў вытворчасць. 
Гэта менавіта тое, дзеля чаго ствараўся "Вялікі камень" - новыя тэхналогіі ў краіну, інавацыйны прадукт на экспарт. 
Так у аднаго з сусветных лідараў па выпуску спецтэхнікі. Кампанія прапісалася ў парку адной з першых. Ужо ў маі плануюць запусціць канвеер. Шасі - МАЗаўскае, навясное абсталяванне - з Кітая. Прыклад прамысловай кааперацыі.

Юань Сюнь,  дырэктар кампаніі "Зумліён БЕЛ-РУС": "Вялікі камень" - добрая база для вытворчасці прадукцыі і развіцця нашай кампаніі, у тым ліку з пункта погляду лагістыкі. Гэта важны інавацыйны вузел на Шаўковым шляху. Нашы патэнцыяльныя спажыўцы - у Еўрапейскім і  Еўразійскім саюзах. Таму, размяшчаючыся тут, мы ахопліваем абодва гэтыя рынкі". 
Сяброўства ў палітыцы,  якое канвертуецца ў эканоміку і сацыяльную сферу.

Сёння міністэрствамі замежных спраў прапрацоўваецца візіт у Беларусь Старшыні Сі Цзіньпіна 

Пад такія візіты традыцыйна закладваецца падмурак новых праектаў. У прыватнасці,  сёння на сустрэчы згадалі стадыён і басейн. Абодва аб'екты нацыянальнага маштабу, але будуюцца пад будучыя спаборніцтвы  самага высокага міжнароднага ўзроўню. 
Не забывае Кітай і аб стратэгічных праектах. "Адзін пояс і  адзін шлях", той самы,  дзе "Вялікі камень" актуальны як праект салідарнага аднаўлення і развіцця.
 
Цуй Цімін, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі: "З Беларуссю мы дасягнулі найлепшага ў гісторыі ўзроўню ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах. Гэта датычыцца  і глабальнай ініцыятывы "Адзін пояс і  адзін шлях", і Кітайска-Беларускага  індустрыяльнага парка, і іншых важных кірункаў. Так у "Вялікім камені" ўжо дзейнічае 59 буйных прадпрыемстваў з кітайскім удзелам, эканамічны ўплыў парка ў рэгіёне бесперапынна расце. Мы нядаўна завяршылі другі этап будаўніцтва сацыяльнага жылля і здалі яго ў эксплуатацыю. Наступным вялікім праектам стане ўзвядзенне нацыянальнага футбольнага стадыёна і плавальнага басейна паводле высокіх міжнародных стандартаў. Мы і надалей будзем падтрымліваць карэнныя нацыянальныя інтарэсы адзін аднаго". 

Не маглі сёння абысці і тэму сумеснай барацьбы з эпідэміяй каранаіруса

Беларусь актыўна выкарыстоўвае паспяховы вопыт Кітая, задзейнічае ўсе ўнутраныя рэсурсы і ўжо сама дзеліцца вопытам. Эпіцэнтрам мы не былі, усе выпадкі завазныя, але наколькі важна дзейнічаць холадна, далікатна і адрасна - аб гэтым наша нацыянальная практыка. 
Дарэчы, пасол асабліва  дзякуе за клопат у дачыненні кітайскіх грамадзян у Беларусі. Тысячы людзей - і ніякі сінафобіі. Побач, у Заходняй Еўропе,  кідаюцца і зачыняюць дзверы перад кітайцамі. У нас - спагада і салідарнасць. Таксама вынік апошніх 20 гадоў  дружбы.

Цуй Цімін, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі: "У Беларусі жывуць кітайскія студэнты, будаўнікі, іншыя працаўнікі. Яны атрымліваюць клопат, добрае стаўленне  ад беларускага народа і не адчуваюць ніякай дыскрымінацыі. Гэта лішні раз пацвярджае, што Кітай і Беларусь выбудавалі па-сапраўднаму  моцнае сяброўства. Мы заўсёды знаходзім у Беларусі неабходную падтрымку". 

Абмен вопытам у рэжыме рэальнага часу, апора на сістэму аховы здароўя - не прыватную, а мадэрнізаваную савецкую. Дзяржаўную і масавую. У гэтым мы з Кітаем падобныя. Плюс адрасныя каранцінныя меры. Прэзідэнт дзеліцца нашай практыкай адсячэння віруса.

Двойчы сёння прагучала ад Кіраўніка дзяржавы даручэнне Адміністрацыі Прэзідэнта і Міністэрства аховы здароўя 

Двойчы сёння прагучала ад Кіраўніка дзяржавы даручэнне Адміністрацыі Прэзідэнта і Міністэрства аховы здароўя: увага старым і да нашых, на жаль, традыцыйных вірусных хвароб. За каранавірусам нельга страціць іншыя вірусы і інфекцыі. Бо COVID-19 часта дзейнічае як апошні ўдар па аслабелым арганізме. Гэта, дарэчы, і кітайскі вопыт таксама.
У найбліжэйшыя месяцы  абедзвюм краінам будзе не да расслабленасці. Кітай рэанімуе вытворчасці, адкрывае гарады, на новым узроўні забяспечвае побыт і гігіену. Беларусь на новы ўзровень выводзіць медыцынскую і сацыяльную абарону пажылых людзей. Адрасна, персанальна, не з-пад палкі, а самім дайсці да кожнага. Тут і ўлада, і грамадскія валанцёры "ў адной запрэжцы". У нас, кажуць,  салідарнасць, у Паднябеснай паэтычна - "грамадства адзінага лёсу".