Цыклон "Аксель" паступова пакідае Беларусь

5 января 2017

За сабой непагадзь пакідае снежныя гурбы. А яшчэ  аварыі на дарогах і адключанае святло ў гарадах і сёлах. У цэлым да такіх капрызаў надвор'я нашы аварыйныя і камунальныя службы  аказаліся гатовыя. На дапамогу вадзіцелям, якія захраснулі на дарогах, прыходзяць і супрацоўнікі ДАІ. Інспектары дапамагаюць выцягнуць аўто з кюветаў і завесці рухавікі. Якое надвор'е нас чакае? Сіноптыкі папярэджваюць аб узмацненні маразоў. Вынікі разгулу стыхіі і апошнія метэанавіны ў рэпартажы Аляксандра Хараўца

Сяргей Сунгурцаў дагэтуль не можа паверыць, што яму пашанцавала.  Ён быў адным з тых, хто трапіў у страшную аварыю. ДТЗ забрала жыццё аднаго чалавека. Яшчэ дзевяць з сур'ёзнымі траўмамі ў бальніцы. Аварыя адбылася раніцай на трасе Полацк - Мінск ля вёскі Сарочына. Маршрутнае таксі не размінулася з грузавіком. А дакладна з бульдозерам, які перавозіў вялікагруз. Сутыкненне адбылося па датычнай. Нож-адвал, што выходзіў за габарыты прычэпа, зачапіў і фактычна знёс левае крыло мікрааўтобуса.

Кіроўца гэтай малалітражкі, што не размінулася з дарожным знакам на сталічнай кальцавой, ад размовы з нашай здымачнай групай адмовіўся. А вось дапамогу супрацоўнікаў ДАІ, якія прапанавалі замяніць прабітае кола, прыняў з радасцю. Дарэчы, сёння такіх гісторый у інспектараў нямала. Дарожныя міліцыянеры выцягвалі  з кюветаў аўто і дзяліліся агеньчыкам, каб запусціць маторы машын. Зрэшты, падчас такога надвор'я ад паездак на асабістым транспарце лепш устрымацца, рэкамендуюць у ДАІ.

Калі ў сталіцы моцныя ападкі спыніліся яшчэ ўчора, то ў Гродзенскай вобласці непагадзь бушавала ўсю ноч. Напрыклад, у Навагрудскім раёне таўшчыня снежнага покрыва склала рэкордныя  23 сантыметры. Зараз снегаўборачная тэхніка працуе ва ўзмоцненым рэжыме.

І калі на асобных участках дарог з'яўляюцца снежныя намеці і галалёдзіца, то паветраная гавань працуе ў штатным рэжыме. Самалёты вылятаюць  згодна з раскладам.

Падобная сітуацыя і на чыгуначных магістралях. Затрымак у руху цягнікоў няма. 

Чыгунку чысцяць пры дапамозе спецыяльнай снегаўборачнай машыны. Гэта цэлы цягнік. Лакаматыў штурхае вагоны, у якія па транспарцёрах і трапляе снег. Поўная загрузка адбываецца пры ачыстцы двух пуцей. Напрыклад, на  станцыі Мінск-Пасажырскі гэтая адлегласць складае больш  за кіламетр.

І калі снегапады спыніліся, то мароз будзе толькі мацнець, папярэджваюць сіноптыкі. Тых жа, хто змерзне, абагрэюць - абяцаюць валанцёры Чырвонага Крыжа. Гарачая гарбата, цёплы плед, зімовая вопратка і дапамога медыкаў абсалютна бясплатна. Толькі ў Магілёўскай вобласці працуе больш за 30 мабільных пунктаў абагравання.

Аранжавы ўзровень небяспекі і штармавое папярэджанне сіноптыкі аб’явілі і на заўтра. Слупкі тэрмометраў папаўзуць уніз, а моцны вецер прымусіць беларусаў апранацца цяплей.

Адступяць маразы толькі ў сярэдзіне наступнага тыдня. Зрэшты, нічога звышнатуральнага ў такім надвор'і няма, запэўніваюць сіноптыкі.  Ды і мінус толькі станоўча паўплывае на якасць паветра - холад  знішчыць вірусы і зробіць больш свежым дыханне ў буйных гарадах краіны, канстатуюць метэаролагі.