Лічбы шкоды - асноўнае пытанне для жыхароў адной з брэсцкіх шматпавярховак

24 сентября 2013

Лічбы шкоды - асноўнае пытанне, якое цікавіць зараз жыхароў адной з брэсцкіх шматпавярховак. З-за прарыву трубы кватэры з пятага па восьмы паверхі літаральна за паўтары гадзіны апынуліся затопленымі гарачай вадой. Зрэшты, такі вымушаны душ стаў непрыемным, але не нечаканым - патопы тут не рэдкасць, хоць дому ўсяго каля 30 гадоў.


Камунальнікі сітуацыю завуць пазаштатнай, жыхары падлічваюць страты, а наш карэспандэнт Вікторыя Патоня тым часам высвятляе - хто вінаваты і хто пакрые шкоду пацярпелым уладальнікам кватэр.


Жыхары гэтай кватэры разводзяць рукамі: чатыры гады таму зрабілі рамонт, уклалі нямала сродкаў. Падвесныя столі, дарагія шпалеры і ламінат… Зараз у пакоях гаспадарыць сырасць. А віной усяму - прарыў вадаправоднай трубы ў суседзяў на два паверхі вышэй.


Алена Мацкевіч, пацярпелая: Я лічу, што павінна быць нейкая дапамога, праверка вадамераў. Мы самі памянялі два тыдні таму вадамер. У нас капала, мы трошкі падтапілі суседзяў. У нас ужо 4-ы вадамер. Павінны быць нейкія службы, якія хоць бы правяралі нашых пенсіянераў і інвалідаў.


Маштабы аварыі - затопленыя кватэры на трох паверхах. Для некаторых жыхароў здарэнне параўнальна са стыхійным бедствам.


Больш за ўсё ад нечаканага патопу пацярпела гэтая кватэра. Цякло са столі так, што не вытрымала электраправодка. А лямпачкі ў люстрах папросту паўзрываліся.


Таццяна Цімашэвіч першай забіла трывогу. Гаворыць, у кватэры шоў сапраўдны дождж, толькі і паспявала збіраць ваду. Камунальнікі па выкліку прыбылі, аднак, дзейнічай яны больш аператыўна, маштабы бедства маглі быць меншыя.


Крыніца вялікай вады - труба з дэфектам. Менавіта з гэтай кватэры пачаліся ўсе праблемы. Гаспадар - пенсіянер, які перанёс інсульт. Ён мала рухаецца, ды і пад краны, прызнаецца, не зазіраў.


Версія прычыны таго, што здарылася: зрыў сантэхнічнага кутка на гарачае водазабеспячэнне на кухні. Ды і сама дэталь, як сцвярджаюць спецыялісты, апынулася няякаснай.


Віялета Бень, майстар сантэхнічнага ўчастку ЖЭС №10 г. Брэста: Аварыя тут адбылася да крана. Гэта зона адказнасці ЖЭСа. Будзем узнімаць дакументы, калі і кім быў усталяваны гэты вадамерны вузел, і рабіць расследаванне.


Ігар Верамейка, намеснік начальніка КУП Жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае ўпраўленне г. Брэста: На працягу 20 дзён будуць складзеныя дэфектныя акты па нанесенай шкодзе пацярпелых жыхароў. Ім не трэба пісаць заявы, нашы спецыялісты абыдуць усе кватэры. Будзе складзены каштарыс, і на падставе гэтага каштарысу будуць выкананыя альбо працы, альбо выплачаныя грошы.


Як апынулася, за мінулыя суткі ў Брэсце аналагічных выпадкаў набралася не менш за дзясятак. Такая статыстыка здольная падмачыць рэпутацыю саміх камунальных службаў. У гэтай гісторыі пакуль няма афіцыйнага вінаватага, але ёсць абстрактны. І імя яму халатнасць…