Лічбавая эканоміка - лейтматыў TIBO-2015

22 апреля 2015

Як было адзначана, лічбавы ўрад і лічбавая эканоміка - гэта лейтматыў XXII Міжнароднага спецыялізаванага форуму TIBO-2015. Прывітанне яго ўдзельнікам накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Увесь дзень на выставачнай пляцоўцы правяла наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

Тэлефоны, планшэты, інтэрнэт-банкінг і анлайн-кансультацыі спецыялістаў. Сучасныя гаджэты становяцца неад'емнай часткай нашага жыцця. Беларусь робіць стаўку на інфармацыйныя тэхналогіі, паспяхова прасоўваецца ў сусветным рэйтынгу. У нас 38 месца.

Аразабек Кайыкаў, кіраўнік занальнага аддзялення Міжнароднага саюза электрасувязі для краін СНД: "За апошнія два гады Беларусь з'яўляецца лідарам у СНД. У параўнанні з 2012-м, 2013-м годам вы прасунуліся на пяць пазіцый наперад".

У перспектыве трапіць у трыццатку, а таксама істотна дадаць у стварэнні электроннага ўрада. Рэальныя перспектывы тут - 100 электронных паслуг штогод. Таксама арыенцір на сусветныя навінкі. Прэм'ер Андрэй Кабякоў, адкрываючы выставу, гаварыў пра важнасць такіх сустрэч вытворцаў і спажыўцоў.

Пасля афіцыйнай цырымоніі адкрыцця прэм'ер асабіста азнаёміўся з экспазіцыяй.

Штогод TIBO - свайго роду агляд айчынных і сусветных дасягненняў у галіне тэлекамунікацый, праграмнага забеспячэння, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогій. Навінкі, пілотныя праекты і ўчарашнія ноу-хау, якія ўжо шчыльна ўвайшлі ў наша жыццё. Гэта не толькі прэзентацыі, але і абмен вопытам. На форум у Мінск прыехалі больш за 200 кампаній з 13-ці краін свету.

Прадстаўнікі Паўднёвай Карэі ў нас на TIBO ўпершыню. Прывезлі 10 кампаній. Галоўнай навінкай называюць тэхналогію смарт-медыя.

Карэйцы спадзяюцца, што гэтая тэхналогія прыйдзе і на беларускі рынак. Заўтра на форуме галіновыя міністэрствы Беларусі і Карэі плануюць падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве на тры гады.

Со Пён Чжо, кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па інфарматызацыі Рэспублікі Карэя: "Мы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Беларуссю, таму што ў вас вельмі развітыя інфармацыйныя тэхналогіі, вельмі моцная навуковая школа. І мы верым, што дзякуючы сумесным праектам выйдзем на новы ўзровень".

Буйная кітайская кампанія Huawei плануе стаць рэзідэнтам нашага сумеснага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". На выставе ў Мінску прэзентуе апошнюю мадэль Р-8. Тыдзень таму яна была прэзентаваная ў Лондане і вось сёння ў Мінску. Асаблівасць - рэжысёрскі рэжым здымак.

Унікальную оптыку прэзентуе японская кампанія "Тамрон". Называе гэта сусветнай прэм'ерай. Зум у 36 разоў, што дазволіць бачыць карціну дэталёва да 3 кіламетраў.

Беларускія прадпрыемствы таксама ідуць у нагу з часам. Унікальныя аэра-, фотаздымкі дазваляюць з вышыні птушынага палёту разглядзець кожнае дрэва дзякуючы лічбаваму сканеру. У Беларусі ён адзіны ў СНД.

Белпошта ўжо гэтым летам паставіць у свае аддзяленні прыстасаванне самаабслугоўвання для паштовай карэспандэнцыі. Разумная машына ўзважыць ваш канверт, разлічыць кошт, заплаціць можна наяўнымі і безнаяўнымі.

Азнаёміцца з навінкамі айчынных і замежных кампаній можна да 25 красавіка. Але TIBO - гэта не толькі выстава, гэта і форумы, і кангрэсы, і семінары. Абмен вопытам і ідэямі для руху наперад.