Асаблівае Раство сёлета - у аграгарадку Хатляны. Помнік драўлянага дойлідства 19 стагоддзя - царква Пакрову Прасвятой Багародзіцы - адноўлена і асвечана. Усе падрабязнасці - у сюжэце Вольгі Мядзведзь.
Пяць гадоў таму Светлае свята Раства тут сустракалі на вуглях са слязамі на вачах.
Куцця 2013 у Хатлянах стала трагедыяй. Па невядомых дагэтуль прычынах пяцікупальны помнік драўлянага дойлідства ўспыхнуў як свечка. Царквы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, якая перажыла ўсе міжусобіцы і войны, не стала за тры гадзіны. На ліквідацыі пажару былі задзейнічаны 14 адзінак тэхнікі і амаль 30 ратавальнікаў. Але ад святыні застаўся толькі парог.
Зараз пра пажар нічога не нагадвае. Храм, як і пяць гадоў таму, на сваім узвышшы і па-ранейшаму візітная картка Хатлян. Яго, як і старажытнага папярэдніка, узвялі ў дрэве ўсяго за тры гады. Ахвяраванні i дапамога вернікам прыходзілі нават з-за мяжы.
Нараджэнне 2018 у парафіі асаблівае - першае ў адноўленым, асвячоным храме. У папярэднім сезоне тут таксама ладзілі святочнае богаслужэнне, але гэта пакуль быў звычайны будынак на намоленым месцы.
Адноўленую з попелу царкву ад папярэдняй практычна не адрозніць. Канструкцыю новага храма будавалі па старажытных чарцяжах. Тады ў 19 стагоддзі аўтарам праекта стаў архітэктар Канстанцін Тон, вядомы па эскізах Храма Хрыста Збавіцеля, Вялікага Крамлёўскага палаца і Зброевай палаты ў Маскве.
Чарцяжы Тона ўжо выкарыстоўвалі раней, па іх рэстаўрыравалі храм у дзевяностых. Цяпер жа царкву нябесна-блакітнага колеру зрабілі больш сучаснай. Для камфорту і ўтульнасці ў памяшканні ўсталявалі пластыкавыя вокны, дзверы, уцяплілі па апошнім слове, упрыгожылі каванымі дэталямі.













