Цэнтрам святочных падзей стане плошча Перамогі ў Мінску

9 мая 2017

Святочныя мерапрыемствы па традыцыі сёння пройдуць па ўсёй краіне. Цэнтрам падзей стане плошча Перамогі ў Мінску. Тут роўна апоўдні пачнецца цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў рамках акцыі "Беларусь памятае!" Наша здымачная група працуе ў сэрцы сталіцы - на прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Ілона Красуцкая (прамое ўключэнне).

Па добрай традыцыі каля манумента Перамогі сёння пачнуцца святочныя мерапрыемствы. Ля Вечнага агню - кульмінацыя акцыі "Беларусь памятае!"

9 мая. У гісторыі гэта дзень усеагульнай падзякі, якой ніколі не будзе шмат.

Дзякуй гавораць кожнаму, хто выжыў і каму нельга падарыць кветкі асабіста ў рукі. Роўна 72 гады таму нашы бацькі, дзяды і прадзеды высокай цаной абаранілі Радзіму і падарылі ўсім шчаслівую, мірную сучаснасць і будучыню. Гэта цырымонія памяці. У такі дзень асабліва ўспамінаюць пра бясстрашнасць, мужнасць, подзвіг. Ля Вечнага агню бясконцым патокам кветкі і вянкі - знак падзякі тым, хто ахвяраваў уласным жыццём. Цырымонія пачнецца праз 3 гадзіны, але ўжо зараз вакол плошчы шматлюдна. І гэта таксама традыцыя. Сюды, да Вечнага агню, пад гукі ўрачыстага марша занясуць сімвал Сцяга Перамогі і штандары чатырох франтоў, якія вызвалялі Беларусь ад гітлераўцаў. Далей - урачыстая цырымонія ўскладання вянкоў. У ёй прыме ўдзел Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка звернецца да беларусаў са святочным выступленнем і абвесціць хвіліну маўчання ў памяць аб паўшых героях.

Розныя гарады. Розныя лёсы. Агульны боль і агульны гонар за людзей, якія выратавалі краіну. У Беларусі 10 500 ветэранаў. Такая дакладнасць, таму што дарагі і важны кожны. Яны - гісторыя: у асабістых успамінах, фотакартках, ордэнах, медалях... Дзецям, унукам, праўнукам - пра тое, як набліжалі Перамогу і верылі ў мірную гісторыю. Сёння тут, на плошчы Перамогі, іх трыумф падзеляць тысячы беларусаў і гасцей сталіцы.

Наш тэлеканал пакажа ўсю цырымонію ў прамым эфіры. Хоць у нашых гледачоў яшчэ ёсць час, каб далучыцца да акцыі асабіста.