Цэнтр дапамогі дзецям з аўтызмам адкрыюць у Брэсце

20 декабря 2020

Цэнтр дапамогі дзецям з аўтызмам адкрыюць у Брэсце. Там будуць дапамагаць малым з расстройствам псіхічнага і псіхалагічнага развіцця і іх бацькам. Праца будзе накіравана на тое, каб дапамагчы асаблівым дзецям сацыялізавацца. Установу пабудуюць у будынку старога дзіцячага сада ў цэнтры горада. Пасля рэканструкцыі там з'явяцца сэнсарны пакой, спецыяльныя трэнажоры і мэбля, кабінеты арт-тэрапеўта, дэфектолага і іншыя. Акрамя гэтага, узвядуць пандусы і ліфты-пад'ёмнікі. Праводзіць заняткі з дзецьмі будуць кваліфікаваныя педагогі, якія прайшлі стажыроўку ў Еўропе.

Таццяна Савіч, начальнік упраўлення па адукацыі Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Брэста: "Праект прадугледжае два кірункі. Першы кірунак - гэта так званы мяккі бок - навучанне спецыялістаў працы з дзецьмі, якія маюць дыягназ "аўтызм" альбо падобныя парушэнні, правядзенне семінараў. І другая частка - так званая інфраструктурная. Па выніках рэалізацыі праекта павінен быць створаны цэнтр па аказанні дапамогі дзецям з аўтызмам".

Адкрыць цэнтр плануюць у наступным годзе ў лістападзе. Адзначым, у Брэсцкай вобласці такі аб'ект з'явіцца ўпершыню.