Цэнтр міфалагічнага турызму адкрыюць у Бярэзінскім біясферным запаведніку

20 ноября 2015

Яшчэ адзін важны аргумент на карысць беларускага экаадпачынку - гэта багатая культура нашага края. Народныя паданні, легенды і міфы - усё гэта распавядуць нашым гасцям у цэнтры міфалагічнага турызму. Яго адкрыюць у Бярэзінскім біясферным запаведніку. У найбліжэйшы час на тэрыторыі комплексу з'явіцца новая экалагічная сцежка, экспазіцыя пад адкрытым небам і нават музей міфалагічных істот. Перспектывы праекта ацаніла і наш карэспандэнт Марына Раманоўская.

Больш за дваццаць гадоў Вольга Маханенка прысвяціла вывучэнню беларускай культуры. У прыватнасці, міфалогіі. Яе асабістыя архівы народных паданняў і фальклору - сапраўдная скарбніца. Асаблівая ўвага - Лепельскаму рэгіёну.

Старажытныя паданні і легенды паўночнага края зараз вывучаюць і ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. На яго тэрыторыі адкрываецца цэнтр міфалагічнага турызму. Аналагаў праекту ў Беларусі няма.

Балотнік незвычайны - адзін з брэндаў Лепельскага рэгіёна. Паводле легенды, менавіта гэты персанаж ахоўвае Бярэзінскі біясферны запаведнік, які ўжо дзевяноста гадоў носіць статус эталона некранутай прыроды.

На тэрыторыі запаведніка сотні відаў раслін і жывёл. Многія з іх занесеныя ў Чырвоную кнігу. Тут можна ўбачыць вялікую белую чаплю, чорнага бусла, рысь і нават бурага мядзведзя.

Больш як сорак тысяч турыстаў за год прыязджаюць у запаведнік па экзотыку. У першую чаргу экатурызм вабіць іншаземцаў. Экскурсіі праходзяць і на сушы, і на вадзе. У залежнасці ад пары года. А вось лясны заапарк і музеі адкрытыя заўсёды.

У Бярэзінскім біясферным запаведніку ўжо распрацоўваюць чарговы маршрут. Хутка тут з'явяцца новая экалагічная сцежка, экспазіцыя пад адкрытым небам і нават музей міфалагічных герояў. Спецыялісты ўпэўненыя: ноу-хау прыцягне яшчэ больш турыстаў, у тым ліку з-за мяжы. І гэта ўжо не міф, а рэальная перспектыва.