Адораныя дзеці Фрунзенскага раёна горада Мінска сёння атрымалі новы дом для развівальных заняткаў і творчасці. Пасля двухгадовага рамонту свае дзверы расчыніў адноўлены Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Самому цэнтру – 40 гадоў. За пару гадоў рэканструкцыі ўстанова не спыніла сваёй дзейнасці, размеркаваўшы шматлікія гурткі і групы па школах і гімназіях раёна. Сёння ўстанова зноў збірае сваіх выхаванцаў і педагагічны калектыў пад адным дахам. Па адноўленых пакоях дзіцячага цэнтра прайшлася і Наталля Бардзілоўская.
Трохпавярховы сучасны будынак па вуліцы Чыгладзэ, 29 сёння гатовы прымаць амаль дзве тысячы дзяцей. Больш як тры тысячы квадратных метраў перапланаваны па апошніх тэхнічных і экалагічных нормах. З эстэтычнымі інтэр’ерамі ў светлых колерах дом адчыніў свае дзверы для дзяцей, адоранай у самых розных кірунках. Цэнтр прапануе спартыўныя і музычныя, тэатральныя, выяўленчыя і турыстычныя гурткі і клубы. Для кожнага занятку – свой мэбляваны і спецыяльна аздоблены пакой. У цэнтры – актавая і канферэнц-залы, свая выставачная галерэя, студыя гуказапісу, заалагічны куток і швейная майстэрня.
Адзін з самых цікавых і актуальных праектаў дзіцячага цэнтра “Эўрыка” – клуб інтэрнацыянальнай дружбы, які займаецца інтэграцыяй і адаптацыяй дзяцей і падлеткаў-бежанцаў. Амаль 80 дзяцей ад 5 да 15 гадоў вывучаюць на занятках родную і рускую мову, танцуюць, малююць, авалодваюць камп’ютарнай граматай.
За чатыры дзесяцігоддзі існавання адукацыйны цэнтр праславіўся далёка за межамі Фрунзенскага раёна. Выхаванцы “Эўрыкі” – лаўрэаты і прызёры гарадскіх, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў. Ва ўстанове займаюцца 8 калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны”.
Тут ёсць свае традыцыі і пакаленні выхаванцаў. Цяпер мадэрнізаваная матэрыяльная база дасць новы штуршок для дасягненняў і творчасці.
Пуцёўку ў новае жыццё і сімвалічныя ключы гэтай установе сёння далі высокія госці. Для памочніка Прэзідэнта Аляксандра Якабсона, прадстаўнікоў адміністрацыі, дэпутатаў, фінансістаў і будаўнікоў – спецыяльная экскурсія па пакоях дзіцячага цэнтра і святочны канцэрт.
З заўтрашняга дня ў цэнтры “Эўрыка” – працоўныя будні. Установа будзе працаваць у дзве змены і збярэ амаль дзве тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак.













