Цаніць спакой, любіць жыццё і клапаціцца адно аб адным - галоўны пасыл традыцыйнага аўтапрабегу "За адзіную Беларусь!"

5 декабря 2020
Нашу сённяшнюю праграму мы хочам пачаць з тэмы патрыятызму. Апошнія месяцы прымусілі беларусаў аб'яднацца. Мы нібы зразумелі што можам страціць. Зямлю, якую адваявалі нашы дзяды, краіну, якую будавалі дзясяткі гадоў нашы бацькі і мы самі, бяспеку і мірнае заўтра нашых дзяцей, за якое заплаціў кожны трэці беларус сваім жыццём у гады Вялікай Айчыннай.
Мірныя, працавітыя беларусы спачатку не верылі таму, што бачаць на сваіх вуліцах кактэйлі Молатава і барыкады, потым адчулі такі незнаёмы нам страх і турботу за родных (бо мы 26 гадоў жылі і жывём у бяспечнай краіне) і, нарэшце, сталі аб'ядноўвацца, гаварыць і паднімаць свой флаг. Раз ужо трэба, мы пакажам, што мы ёсць, што нас шмат, што мы разам. Так, у любым грамадстве могуць і павінны быць розныя меркаванні, людзі павінны размаўляць, а суседзі дапамагаць адно аднаму.
Але ў гэтыя дні мы часам не пазнавалі сваіх суайчыннікаў - тых, што заклікалі спыніць прадпрыемствы, ставілі расцяжкі на чыгуначных пуцях або падпальвалі машыны, пагражалі служыцелям закону, і ўсё гэта - пад сімваламі, ад якіх у нашых франтавікоў сціскалася б сэрца. Няўжо так дрэнна вучылі гісторыю ў школе...
І ўсё ж большасць з нас урокі саракавых памятаюць вельмі добра. А таму і сталі ўжо традыцыйнымі аўтапрабегі "За адзіную Беларусь!", удзельнікі якіх кожныя выхадныя наведваюць знакавыя месцы краіны. Сёння калона машын пад беларускімі флагамі праехала да ўрочышча Благаўшчына, каб ушанаваць памяць загінуўшых у адным з найбуйнейшых канцлагераў Еўропы. Былі ў маршруце і іншыя прыпынкі. Увесь шлях праехала і наша здымачная група. Як гэта было - раскажа Алена Вітко.

Яшчэ не развіднела, а ўдзельнікі аўтапрабегу на нізкім старце

Суботняя традыцыя нязменная! Спазнаць родную краіну, сустрэць аднадумцаў, выказаць сваю пазіцыю - мэт шмат. Гэта сапраўды аб'ядноўвае людзей: не проста на словах - на справе! У зімовым сезоне гэта першы аўтапрабег, але ёлка тут не для антуражу. Сёння патрыятычны шлях даў старт і марафону добрых спраў. На гэтых паштоўках - жаданні дзяцей, якім няма ад каго чакаць падарункаў. Але неабыякавыя аўтааматары могуць здзейсніць маленькую або вялікую мару. Дастаткова перад стартам узяць любы ліст дзіцяці, а ўжо падчас наступных паездак асабіста або дыстанцыйна перадаць падарунак. Толькі сёння сваіх адрасатаў знайшлі каля ста лістоў - падрабязнасці яшчэ будуць. А пакуль - у дарогу!
 

Маршрут на сёння - каля 200 кіламетраў


З Мінска калона накіравалася ў дом-сядзібу Дзяржынава. Комплекс размешчаны ў Налібоцкай пушчы і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Наступны прыпынак - у цэнтры экалагічнага турызму. У Станькаве ўдзельнікі наведалі заасад і ваенна-гістарычны комплекс "Партызанскі лагер". Бадай, самым эмацыйным стаў фініш. Пасля сотні кіламетраў па спакойных дарогах і маляўнічых краявідах тут нібы замірае сэрца. 

Урочышча Благаўшчына маўкліва нагадвае аб мінулым

Гэта месца масавых расстрэлаў знаходзіцца ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец". Тут былі забітыя каля 200 тысяч чалавек. Мірныя жыхары, партызаны, падпольшчыкі... Дарэчы, роўна 79 гадоў таму цягнік з Вены даставіў у Мінскае гета першую тысячу аўстрыйскіх яўрэяў. Сюды быў іх апошні шлях…
Тэрыторыя сапраўды стала цэнтрам міжнацыянальнай гісторыі і болю. У знак памяці ўдзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі. Гэтая тэма не проста хвалюе шматлікіх - вымушае даставаць з глыбіні душы самыя асабістыя гісторыі.
Цаніць спакой, любіць жыццё і клапаціцца адно аб адным - галоўны пасыл усіх акцый. Менавіта таму да патрыятычных тураў далучаецца ўся Беларусь.