Цэлы квартал для медыкаў з'явіўся сёння ў Мінскім раёне

22 сентября 2020
Арэнднае жыллё пабудавалі ў вёсцы Зацань. Хутка яго заселяць як маладыя спецыялісты, так і сем'і медработнікаў. Для жыхароў - прасторныя пакоі з мэбляй, тэрасы і зоны для адпачынку. Новабудоўлю ацаніла і Алена Вітко.

Расказвае Алена Вітко.

1 800 квадратных метраў арэнднага жылля. Тут размясціўся цэлы квартал для медыкаў. Два будынкі адвялі пад інтэрнаты, яшчэ ў пяці асобна будуць пражываць сем'і.

Сучасны комплекс знаходзіцца ў вёсцы Зацань. Да МКАД менш за кіламетр, побач - зялёная зона, ёсць вадаём. Прапіску ў гэтым маляўнічым месцы хутка атрымаюць работнікі ўстаноў аховы здароўя Мінскага раёна.

Аляксандр Лінкевіч, галоўны ўрач Мінскай абласной клінічнай бальніцы: "Жыллё - гэта вызначальнае пры замацаванні чалавека ў гэтай пэўнай установе. Гэта вялікі стымул, каб і нам прыцягваць новых супрацоўнікаў. І замацоўваць тых супрацоўнікаў, якія для нас маюць значнасць - высокакваліфікаваных спецыялістаў. Кошт такога катэджа  для самотных, незамужніх грамадзян складае каля 200 рублёў. Ён будзе разбівацца на ўсіх, хто пражывае". 

Зараз дом-інтэрнат гатовы прыняць ад васьмі чалавек. Прыкладна за 25 рублёў для іх - асобны пакой, прасторная лаўнж-зона з выхадам на тэрасу, кухня-сталовая, абсталявана і трэнажорная зала. Такія ж умовы і ў індывідуальных дамах  - пражыванне сям'і ў іх будзе каштаваць каля 120 рублёў.

Генадзь Залога, генеральны дырэктар кампаніі-забудоўшчыка: "У доме - гараж, гаспадарчыя пабудовы неабходныя. У кожным доме - кацельня. На кожным паверсе санвузлы знаходзяцца, усё абсталявана мэбляй. Ужываліся ў асноўным усе айчынныя матэрыялы. І кошт гэтага аб'екта, гэтых дамоў, дзе 662 долары, а тых - 640 за метр квадратны".

Такім жыллёвы кластар быў не заўсёды. Першапачаткова будынкі планавалі рэалізаваць на камерцыйным рынку. Па факце новабудоўлі прастойвалі. Паўгода назад лёс квадратных метраў вырашыўся.

Аляксандр Турчын, старшыня Мінаблвыканкама: "Увесну гэтага года я наведваў аб'екты, прынялі рашэнне, улічваючы, што сацсферы мы зараз вялікую ўвагу надаём, зрабіць іх арэндным жыллём для медыцыны абласной. Мы і далей, вядома, будзем рухацца па забеспячэнні жыллём сацсферы (адукацыя, культура). У кожным раённым цэнтры (можа, не асобныя дамы, але асобныя кватэры, якія будуюцца) па меры неабходнасці адну-дзве кватэры дзяржава будзе будаваць, і мясцовыя ўлады першым чынам".

Усяго ў гэтым годзе ў Мінскай вобласці плануюць пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю звыш 30 000 квадратаў арэнднага жылля. Гэта на траціну больш, чым летась, і ўдвая, чым у 2018.

Дарэчы, сёлета толькі за 8 месяцаў у цэнтральным рэгіёне за бюджэтныя сродкі пабудавалі 13 000 арэндных квадратаў. У Мядзелі, Клецку, Лагойску, Вілейцы, а зараз і ў Мінскім раёне.