Мэты вучэнняў "Захад-2017" дасягнутыя

20 сентября 2017

Значнае і маштабнае мерапрыемства па ўзаемадзеянні Узброеных сіл Беларусі і Расіі паспяхова завяршылася. Сёння Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі наведаў палігон Барысаўскі, дапаможны пункт кіравання рэгіянальнай групоўкі войскаў дзвюх краін, а таксама першай танкавай арміі Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расіі. За гэты тыдзень на тэрыторыі нашай краіны ў становішчы максімальна набліжаным да баявой разгарнуліся гарачыя баталіі. Зразумела, што праціўнік умоўны, а бой навучальны. Але навыкі і вопыт, атрыманыя за гэты час, цалкам рэальныя. Беларускія і расійскія вайскоўцы зладжана адпрацавалі ўсе дзеянні і паспяхова выканалі задачы па абароне сваёй зямлі. У гэтым і галоўная мэта стратэгічнага вучэння - яно носіць выключна абарончы характар. Зрэшты, нарастанне ваеннай актыўнасці ва ўсім свеце дыктуе неабходнасць трымаць порах сухім. Наша агульная задача - бяспека Саюзнай дзяржавы. Краіны падтрымліваюць неабходны ваенны патэнцыял, але для абароны ўласных інтарэсаў. У гэтым маглі пераканацца і шматлікія назіральнікі, якія прысутнічалі на манеўрах. Прынцып транспарэнтнасці выконваўся на ўсіх этапах вучэнняў. Аляксандр Лукашэнка аб’явіў падзяку асабоваму складу. Увесь дзень на палігоне Барысаўскі знаходзіўся і наш карэспандэнт Андрэй Крывашэеў.

Серада, 227-й агульнавайсковы палігон Барысаўскі. Заключная фаза вучэнняў "Захад 2017". Трымаць порах сухім у бягучым годзе, здаецца, перашкаджае ўсё. І надвор'е - з раніцы халодна і дажджліва. І нервовыя чаканні заходніх партнёраў: нагаворана столькі, што хопіць на перавыданне цэлага тома "Халодная вайна 2.0". Плюс, вядома, канфліктная сітуацыя ў свеце. Вучыцца трэба не ўчарашнім, а магчымым заўтрашнім сутыкненнем. Усё гэта так, але беларускія і расійскія вайскоўцы - прафесіяналы. А таму "ўстойліва пераносіць нягоды воінскай службы" - не для чырвонага слова са статута. Гэта рэальнасць, якую адпрацоўвалі ўвесь тыдзень маштабных стратэгічных вучэнняў.

Згодна з легендай агульнавайсковай трэніроўкі, на тэрыторыю Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі пранікаюць экстрэмісты. Мэта - тэракты і дэстабілізацыя ў Саюзнай дзяржаве. Як ва ўсіх сучасных канфліктах іх падтрымліваюць звонку: па сушы, з мора і з паветра. Модны зараз тэрмін - "гібрыдная вайна", на справе інтэрвенцыя па ўсіх франтах - ад інфармацыйнага да дыверсійнага. Эпіцэнтр навучальнай агрэсіі - Беларусь. Гэта нядзіўна. У мінулых войнах менавіта наша рэспубліка сустракала першы ўдар і выносіла ўвесь цяжар абароны агульнай прасторы. Адгэтуль шэсць навучальных палігонаў у Беларусі і размах каля 10 тысяч чалавек. З іх 7 тысяч - беларускія вайскоўцы.

Першая і галоўная складанасць вучэнняў "Захад-2017" - зладжанасць дзеянняў. Так, сумесныя вучэнні рэгулярныя, але расійская армія ўдзельнічае ў рэальных баявых канфліктах. І падспудна любы эксперт, што з Захаду, што з Усходу, задаецца пытаннем - а наколькі моцны беларускі саюзнік? Ад адказу на гэта пытанне залежыць не толькі імідж нашай арміі і ВПК, але і рэальная бяспека - мала хто сунецца да моцнага.

Ігар Панарын, палітычны аналітык, Расія: "Менавіта гэта і выклікае трывогу на Захадзе. Таму што расійскія вайскоўцы сумесна з беларускімі апошнія дзесяцігоддзі праводзяць вучэнні. Я абсалютна не сумняваюся, што беларуская армія па сваім патэнцыяле і ваеннай тэхніцы здольная распрацаваць сістэмы рэактыўнага залпавага агню, якія адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. Гэта гаворыць аб тым, што беларуская армія - годны саюзнік Расіі. І яна гатовая падставіць плячо ў любы момант".

З раніцы на палігоне пачынаюць збірацца міжнародныя назіральнікі і журналісты. Некалькі сотняў чалавек: такога інфармацыйнага ажыятажу вакол мірных абарончых манеўраў у гісторыі суверэннай Беларусі яшчэ не было. Але галоўная адказнасць моманту нават не ў замежнай прысутнасці, а назіранне за ходам вучэнняў і ацэнка Галоўнакамандуючага.

Прэзідэнта сустракае міністр абароны, адразу да справы. На палігоне побач, як належыць саюзнікам, два камандныя пункты - беларускі і расійскі.

Гэтыя мазгавыя цэнтры літаральна праз некалькі хвілін будуць дырыжаваць найскладанейшым аркестрам баявых дзеянняў. Тут, як у сімфоніі, галоўнае - зладжанасць. У гэтым уся сутнасць дактрыны саюзнай бяспекі.

Прэзідэнту дэманструюць і навінкі ВПК. Напрыклад, гэты рухомы пункт кіравання камандуючага. Працуе ў звязцы з нашым жа спадарожнікам "Белінтэрсат-1".

Тым часам міжнародная армія назіральнікаў і журналістаў на сваіх пазіцыях ужо ўзброілася камерамі і смартфонамі. Актыўная фаза вучэнняў працягваецца чацвёрты дзень, але сёння можна ўбачыць усё і адразу. Авіяцыя, пяхота, артылерыя - у кожнага роду войскаў свая роля і функцыя. Згодна з легендай, сілы саюзнікаў адлюстроўваюць наступленне праціўніка, а затым цалкам разбіваюць яго ў контратацы.

Сапраўдныя баявыя дзеянні за сотню метраў ад назіральных пляцовак і на іншых палігонах краіны. Сувязь з імі - у сітуацыйным штабе, дзе знаходзіцца Галоўнакамандуючы.

Узрываюцца ўмоўныя масты і саюзнікі, нарэшце, атрымліваюць падмацаванне з паветра. Беларускія МіГі, іх, дарэчы, за надзейнасць называюць лятаючымі аўтаматамі Калашнікава, праводзяць малавышынны бой. Следам расійскія Су 34 і 25 з вышыні ўсяго 200 метраў скідваюць авіябомбы. Давяршаюць разгром пяхота і бранятэхніка. 

Як сімвал вайны новага часу - удзел беспілотнікаў. На ўзбраенні беларускай арміі "Бусел". "Вока" каманднага складу. Дзейнічае з вышыні 5 кіламетраў. Высокая жывучасць і выключная выразнасць бачання поля бою. Важны аспект - распрацоўка беларуская. Вучэнні не проста парадны агляд войскаў, а абкатка найноўшых узораў узбраення ва ўмовах, блізкіх да рэальнага бою.

Пры з'яўленні кожнай новай айчыннай распрацоўкі відаць, як сінхронна рэагуюць назіральнікі з ліку вайскоўцаў. Бо абарона - гэта не толькі бяспека, але і вялізны сусветны рынак. Дарэчы, шмат у чым менавіта рыначнымі меркаваннямі эксперты часам тлумачаць сусветную напружанасць, канфлікты і дэманізацыю сумесных вучэнняў.

Ігар Каратчэнка, галоўны рэдактар часопіса "Национальная оборона", ваенны эксперт: "Дэманізацыя Расіі і Беларусі ставіць мэтай выбіць дадатковыя асігнаванні на ваенныя расходы. Мы павінны прама сказаць, што за антырасійскімі і антыбеларускімі кампаніямі стаяць у тым ліку і буйныя зброевыя карпарацыі ЗША, чыю зброю сёння купляе Еўропа (мы ведаем). Таму тут супадзенне інтарэсаў для таго, каб нагнятаць істэрыю і рабіць для гэтага эканамічныя прэферэнцыі".

Усе апошнія дні за ходам вучэнняў пільна сачылі каля 80-ці міжнародных назіральнікаў. У тым ліку ад краін СНД, АБСЕ і НАТА. Першыя дні заходнія партнёры былі відавочна пад уплывам інфармацыйнай артпадрыхтоўкі - насцярожаныя. Сёння ажыятаж спаў - ім паказалі, а яны ўбачылі сапраўды ўсё. Максімальная адкрытасць і празрыстасць - пра гэта сказалі ўсе.

Масіма Фагары, міжнародны назіральнік (Італія): "Як прафесійны вайсковец я высока ацэньваю ўзровень арганізацыі гэтых вучэнняў. Іх правялі на сапраўды высокім узроўні. І, на мой погляд, як беларускія, так і расійскія вайскоўцы дэманструюць па-сапраўднаму добрую падрыхтоўку".

Тым часам на полі абарончага бою кардынальны пералом сітуацыі. Войскі, што наступалі, разбітыя. Сумесная групоўка пераходзіць у контратаку. Мэта вучэнняў дасягнутая - адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць і мір у рэгіёне адказнасці саюзнікаў. Але гэта яшчэ не кульмінацыя - вайскоўцы чакаюць ацэнкі Прэзідэнта.

Вучэнні праведзены паводле зацверджанай задумы, пастаўленыя мэты дасягнутыя, вучэбныя пытанні адпрацаваныя з добрай якасцю. На належным узроўні вырашаны задачы па сумеснай абароне ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз бяспекі.

Манеўры дазволілі павысіць узровень зладжанасці органаў ваеннага кіравання і аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама баявую і, самае галоўнае, таварыскую ўзаемадапамогу беларусаў і расіян пры выкананні вучэбна-баявых задач. Камандзіры і штабы атрымалі добрую практыку ў планаванні дзеянняў войскаў. Паказаны высокі ўзровень і майстэрства ў палявой, паветранай вывучцы асабовага складу злучэнняў і воінскіх часцей, што ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі.

Па-ваеннаму дакладна - высокія ацэнкі майстэрства, але Прэзідэнт закранае і асабістае. Яшчэ лейтэнантам ён удзельнічаў у вучэннях "Захад-81". Перамены ашаламляльныя.

Для воінаў Беларусі і Расіі, якія вызначыліся падчас вучэнняў, узнагароды з рук Прэзідэнта.

Свая матэрыяльная памяць аб вучэннях "Захад-2017" застанецца і ў галоўнакамандуючага - легендарны пісталет Перамогі ТТ.

Агляд войскаў і ваеннага майстэрства завершаны. Вучэнні, пра якія столькі шумелі палітыкі і прэса, таксама. Тэхніка выбудоўваецца ў паходныя калоны, пакідаючы Барысаўскі палігон. Назіральнікі павольна пакідаюць свае пазіцыі, як быццам не вераць, што ўсё ўжо здарылася - зладжана, адкрыта і настолькі аператыўна.

Сучасны бой хуткі. Усяго каля гадзіны. Але менавіта гэтыя 60 хвілін ва ўмовах рэальнага канфлікту вызначаюць, ці захавае народ сваё права на суверэнітэт, ці будзе існаваць дзяржава, і што нашчадкі прачытаюць праз гады ў падручніках гісторыі.

60 хвілін, 60 імгненняў восені - менавіта столькі сёння тут, на Барысаўскім палігоне, працягвалася завяршальная актыўная фаза стратэгічных вучэнняў "Захад-2017". Флагі саюзнікаў на флагштоках, неба хаця і пахмурнае, але мірнае, і падручнікі гісторыі будзем пісаць мы самі ў сваёй незалежнай краіне і мірным рэгіёне адказнасці Беларусі і Расіі. Менавіта гэта галоўны вынік вучэнняў. А іншага, нягледзячы на ўсю істэрыку вакол манеўраў "Захад-2017", і не планавалася.