Працоўная акцыя ў Курапатах стане пачаткам праекта захавання гістарычнай памяці

22 марта 2017

У трагічнай гісторыі Беларусі, на жаль, нямала месцаў, якія гавораць пра няпросты час яе станаўлення. Аддаючы даніну мінуламу, сучасная Беларусь не зносіць манументы і не знішчае памяць. Хрысціянскі доўг нашчадкаў - аддаць даніну павагі кожнаму памерламу, нягледзячы на нацыянальнасць, веравызнанне і акалічнасці гібелі. Ва ўрочышчы Курапаты па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў 25 сакавіка пройдзе працоўная акцыя, якая, па сутнасці, стане пачаткам праекта захавання гістарычнай памяці і стварэння нацыянальнага мемарыяла. Ужо паступаюць заяўкі на ўдзел ад неабыякавых грамадзян і калектываў арганізацый. Наталля Брэвус падрабязна.

Дыскусіі вакол тэрыторыі, якую прынята называць Курапатамі, не сціхаюць з канца 80-х, калі там было выяўлена масавае пахаванне. Дагэтуль эксперты не прыйшлі да адзінага меркавання, якая колькасць людзей там пахавана. Прыйшоў час перагледзець статус гэтага месца. У выніку грамадскага абмеркавання навукоўцы, журналісты і гісторыкі сышліся ў тым, што Курапаты павінны стаць нацыянальным мемарыялам. Гутарка за круглым сталом выклікала вялікі рэзананс.

Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар НАН Беларусі, доктар гістарычных навук: "Я думаю, у нас сёння ёсць усе магчымасці менавіта ўсяму грамадству аб'яднацца і ўзвесці або помнік, або памятны знак, які сімвалізаваў бы трагедыю і боль беларускага народа. Менавіта да гэтага месца мы павінны прыходзіць пакланіцца і выказаць свой смутак. Гэта трагічная старонка нашай гісторыі, яна павінна не раз’ядноўваць, як і ўся гісторыя, гісторыя абавязана служыць кансалідацыі грамадства".

Прафсаюзы ідэю стварэння ў Курапатах мемарыяла смутку і памяці падтрымалі. І ўжо ў гэтую суботу па ініцыятыве федэрацыі ва ўрочышчы пройдзе працоўная акцыя. Паступаюць заяўкі на ўдзел ад грамадзян і арганізацый. Заклікаюць усіх неабыякавых падключыцца.

Нацыянальны прафцэнтр стала працуе над праектамі па захаванні і аднаўленні культурна-гістарычнай спадчыны. На працягу дзесяцігоддзяў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі плячо у плячо з грамадскімі аб'яднаннямі, працоўнымі калектывамі, моладдзю праводзіць маштабную дзейнасць па аднаўленні мемарыялаў, помнікаў і месцаў пахаванняў. Гістарычная памяць шмат значыць для беларусаў. Напрыклад, менавіта дзякуючы намаганням федэрацыі новае аблічча набыў Курган Славы. Сярод праектаў - добраўпарадкаванне мемарыяльнага комплексу "Шаўлічы" ў Ваўкавыску. Гэта адна са шматлікіх спаленых у гады вайны беларускіх вёсак. У краіне дастаткова помнікаў, якія звернуты да гераічных падзей, але ёсць і тыя, што распавядаюць аб трагічных.

Г.з. Курапаты павінны стаць сімвалам смутку. Плануецца аб’явіць конкурс на стварэнне памятнага знака ў гэтым месцы. Лепшыя ідэі будуць абмяркоўваць адкрыта. Мастацкая інтэрпрэтацыя можа быць самай рознай, але мемарыял павінен атрымацца сапраўды народным.