Трафеі Напалеона шукаюць на Бярэзіне

27 сентября 2019

Каля вёскі Студзёнка Барысаўскага раёна на месцы пераправы арміі палкаводца вядуцца маштабныя раскопкі. Іх праводзіць інтэрнацыянальная каманда: прадстаўнікі французскага Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў, падводныя археолагі з Бельгіі, спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук і сталічны дайв-клуб. Даследуюць рачное дно і сушу. І ўжо ёсць знаходкі, якія захоўваюць памяць пра падзеі 1812 года: фрагменты ядраў, зброі, керамікі, гузікі з мундзіраў французскіх салдат. Экспедыцыя будзе доўжыцца да канца тыдня, пасля чаго ўсе знаходкі дасканала вывучаць спецыялісты.

Для чаго энтузіясты праводзяць гадзіны ў халодных рачных водах і што шукаюць на дне Бярэзіны? Карэта Напалеона - народны міф або рэальная мэта кладашукальнікаў? І якія факты пра пераправу на Бярэзіне ставяць пад сумненне сучасныя даследчыкі? Вялікі рэпартаж не прапусціце ўжо ў гэтую нядзелю ў праграме "Галоўны эфір".