Тры месяцы без гарачай вады

10 марта 2015

Менавіта ў такой сітуацыі апынуўся мінчанін. У снежні мінулага года Юрый Еўдакімовіч заехаў ва ўласную кватэру і вечарам заўважыў, што ў кватэры поўнасцю адсутнічае гарачая вада. Амаль дзесяць заявак, лісты ў ЖЭС, ЖРЭА і раённую адміністрацыю за тры месяцы не прынеслі ніякіх вынікаў. Юрый і цяпер кожны вечар вымушаны прызвычайвацца да жыцця без гарачай вады. Падрабязнасці ў сюжэце Наталлі Кезік.

І пацяплее вада ў кране толькі, калі спускаць яе хвілін 20. Такога сюрпрызу пры куплі кватэры ў сталіцы Юрый Еўдакімовіч не чакаў. Тут з самага засялення няма гарачай вады.

Апошні раз гарачая вада ў кране з’явілася ў канцы лютага, але ўсяго на два дні. Юрый зноў пакінуў, паводле яго падлікаў, са снежня дзясятую заяўку ў ЖЭСе. Але безвынікова. Гаспадар пісаў афіцыйныя лісты не толькі ў ЖЭС, але ў ЖРЭА і адміністрацыю раёна. Але ўсяго толькі назбіраў стос папер - цяплейшай вада ў кране не стала.

Але замяняць трубы ніхто не ўзяўся. Работнікі ЖЭСа за тры месяцы ўжо сем разоў прыходзілі ў кватэру, але пакуль нават не знайшлі прычыну адсутнасці вады. За гэты час усё інжынернае абсталяванне ў падвале праверылі – яно аказалася спраўным. Замерылі і тэмпературу вады на дзявятым паверсе – плюс 50. Магчымая прычына – жыльцы паверхам вышэй праклалі цёплыя падлогі. Але дзверы суседзі не адчыняюць, тэлефон таксама маўчыць кожны вечар.

Дырэктар ЖЭСа ад інтэрв’ю адмовіўся, сёння па тэлефоне сказаў, што не ведае, калі сантэхнікі не тое што вырашаць праблему, а проста зноў, восьмы раз, змогуць прыйсці ў праблемную кватэру.

За апошнія тры месяцы гаспадару, на жаль, прыйшлося прызвычаіцца да жыцця без гарачай вады. Кожны дзень яму прыходзіцца награваць каструлю з вадой альбо загартоўвацца.

Цікава, што ўвесь гэты час Юрый Еўдакімовіч спраўна аплачвае па квітанцыі падагрэў вады ў сваёй кватэры. Хоць гарачы душ ва ўласнай ванне мужчына не прымаў яшчэ ні разу. Калі ў яго з’явіцца такая магчымасць, не ведае нават дырэктар ЖЭСа.