Тры беларускія гімназіі і адна школа ўдастоеныя знака адрознення Label France Education

26 октября 2018

Яго прысвойвае Міністэрства адукацыі Францыі за высокія дасягненні ў выкладанні французскай мовы. Сярод лаўрэатаў высокай міжнароднай узнагароды - Наваполацкая гімназія № 1, Віцебская гімназія № 9, сярэдняя школа № 15 Брэста і гімназія № 1 Салігорска. Варта адзначыць: гэта выключны вынік. Для параўнання: у Расіі такой ацэнкі ўдастоеныя толькі тры сярэднія навучальныя ўстановы і адна ва Украіне. Вольга Маслоўская пабывала на ўроках мовы Дзюма і Саган са знакам якасці!

П'есы ў арыгінале, дні французскай культуры і кухні, сустрэчы з дыпламатамі і Раство, як у Парыжы. Вучні першай Наваполацкай гімназіі ведаюць: вучыць французскую мову - займальна. Гэтую дысцыпліну тут выкладаюць ужо 25 гадоў. Традыцыі, правераныя методыкі. А цеснае супрацоўніцтва з пасольствам дазваляе ў ліку першых займець навінкі французскіх выдавецтваў.

Пётр Пятровіч летась стаў пераможцам абласной алімпіяды па замежнай мове. У будучыні бачыць сябе эканамістам, але ўпэўнены: у сучасным свеце няведанне моў - маветон. А 11-класнік Данііл Шлюпскі любіць добрае кіно, таму мову братоў Люм’ер вучыць з задавальненнем.

Цікавы факт: дзякуючы захапленню гімназістаў французскай мовай і сяброўству з французскімі школьнікамі ў Наваполацка з'явіўся яшчэ адзін горад-пабрацім. Гэта французскі Шафай. Дамову аб пабрацімстве і супрацоўніцтве мэры падпісалі ў маі 2010.

Тут перакананыя: знак якасці, атрыманы ад Міністэрства адукацыі Францыі, дапаможа не толькі гімназіі, але і гораду развіваць адносіны з французскім бокам. І не толькі.

Сёлета на суісканне знака было пададзена 209 заявак ад сярэдніх навучальных устаноў з усяго свету. Высокай узнагароды ўдастоеныя толькі 20. У іх ліку і гімназія № 1 Салігорска. За паўстагоддзя працы французская мова стала яе брэндам. З 2011 года тут працуе двухмоўнае франкафоннае аддзяленне, дзе не проста на паглыбленым узроўні вывучаюць французскую мову, але і выкладаюць на ёй сацыяльна-эканамічныя дысцыпліны.

Выпускнікі гімназіі паспяхова здаюць і міжнародны іспыт па французскай мове - DELF. Атрыманы сертыфікат адчыняе дзверы для працы ў міжнародных кампаніях, дзе беларускія спецыялісты не ведаюць цяжкасцей перакладу.