Трэцяя батарэя Тор-М2 паступіць на ўзбраенне беларускай арміі ў пачатку снежня

12 сентября 2013

Пра гэта на сумесных вучэннях Баявая садружнасць - 2013 заявіў Міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін. Кіраўнік абароннага ведамства нашай краіны ацаніў стрэльбы беларускіх ракетчыкаў на палігоне Ашулук на выдатна. У манеўрах удзельнічалі каля 4 тысяч вайскоўцаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана і Кыргызстана. Астатнія ўдзельнікі аб'яднанай сістэмы СПА СНД прысутнічалі на палігоне ў статусе назіральнікаў.


За актыўнай фазай манеўраў сачыў і наш карэспандэнт Юрый Шаўчук.


Сумесныя вучэнні Баявая садружнасць - 2013 пачаліся яшчэ ў сярэдзіне жніўня. Тады ж стартаваў першы этап манеўраў. У вышэйшую ступень гатоўнасці былі прыведзены каля 20 воінскіх часцей у Беларусі, Расіі, Казахстане, Таджыкістане і Кыргызстане. Скончыўся гэты этап перадыслакацыяй усёй неабходнай тэхнікі і вайскоўцаў на палігон Ашулук, размешчаны ў Астраханскай вобласці. Тут і пачалася другая - тэарэтычная, а затым і трэцяя - актыўная - фаза вучэнняў. Менавіта яна і павінна была праверыць боегатоўнасць войскаў краін-саюзніц.


Чатыры бамбардзіроўшчыкі Су-34 даюць старт манеўрам, яны скідаюць бомбы на асноўныя сілы ўмоўнага саперніка, затым тут жа ўступаюць у паветраны бой з варожымі самалётамі. У гэты ж час на зямлі ракетчыкі ўжо гатовыя нанесці ўдар па паветраных цэлях.


Усяго ў актыўнай фазе трэцяга этапа вучэнняў удзел прынялі больш як 500 вайскоўцаў і больш за 100 адзінак баявой тэхнікі. Акрамя зенітна-ракетных сістэм С-400 Трыумф і С-300 Фаварыт, быў задзейнічаны і знакаміты зенітна-ракетны гарматны комплекс Панцыр С.


Менавіта Панцыры першымі паказваюць усю сваю моц на зямлі. Ракетна-гарматныя комплексы саюзнікаў прыкрываюць агнём Трыумф і Фаварыт. Іх асноўная задача - засцерагаць ад удару саперніка асноўныя сілы супрацьпаветранай абароны кааліцыі. Праз імгненні гучаць залпы ЗРК, і ракеты з хуткасцю каля 2 тысяч метраў за секунду адпраўляюцца да мішэняў. Іх цэлі - парушальнікі паветраных меж.


У гэты час беларускія зенітна-ракетныя комплексы Бук таксама сканіруюць неба ў пошуках нізкалётных паветраных аб'ектаў. У складзе двух зенітна-ракетных дывізіёнаў 120-ай брыгады ВПС і войскаў СПА Беларусі ракетчыкі паражаюць мішэні дакладна ў цэль. Пазней міністр абароны Беларусі ацаніў гэтыя стрэльбы на выдатна.


Юрый Жадобін, Міністр абароны Беларусі: Сродкі аб'ектыўнага кантролю гавораць, што было запушчана пяць мішэняў. На пяць цэляў было выпушчана восем ракет. Аб'ектыўная ацэнка - выдатна, пасля атрымання ўсіх даных яна такой жа і застанецца.

Ледзь раней у рамках вучэнняў Баявая садружнасць тут жа, у Ашулуку, былі выпрабаваныя ў палявых умовах і новыя Торы. Комплексы паступілі на ўзбраенне беларускай арміі летась. Выніковасць стрэлаў дзівіць: чатыры залпы - тры паражоныя цэлі. Гэта чарговы раз даказала неабходнасць мадэрнізацыі нашых войскаў. Цудоўныя дасягненні Тораў адзначаюць і міжнародныя назіральнікі. Дарэчы, зараз ужо вядома, што ў пачатку снежня ў Беларусь будзе дастаўлена трэцяя батарэя вядомых на ўвесь свет Тораў.


Кірыл Макараў, намеснік камандуючага войскамі ВКА па СПА Расіі: Вучэнні яшчэ раз пацвердзілі функцыянальнасць сістэмы супрацьпаветранай абароны СНД і створанай кааліцыйнай групоўкі авіяцыі і войскаў супрацьпаветранай абароны.


Аб'яднаная сістэма супрацьпаветранай абароны краін СНД ужо даўно дзейнічае як адзіны суладны механізм. А тут, на палігоне Ашулук, ракетчыкі саюзных краін яшчэ раз паказалі свае навыкі і ўменні. Менавіта для гэтага раз на два гады і праводзяцца міжнародныя сумесныя вучэнні Баявая садружнасць. Дарэчы, сёлета абсалютна ўсе мішэні былі паражоныя дакладна ў цэль. Зрэшты, як звычайна.