Забарона выхаду на лёд уведзена практычна ва ўсіх раёнах краіны. Але нягледзячы на гэта аматары зімовай рыбалкі працягваюць правяраць крыштальную паверхню (а заадно і сваё жыццё) на трываласць. Сёння раніцай у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці адбылася трагедыя - загінуў мужчына. Такія паведамленні з прыходам плюсавай тэмпературы ўсё часцей з'яўляюцца ў стужках навін. Прадстаўнікі Асвода зараз актывізавалі рэйды на акваторыях. Пра тонкасці зімовага хобі вясной матэрыял Аляксандры Кавеліч.
Гэта ранішнія кадры з Чашніцкага раёна. За 80 метраў ад берага двое мужчын. Знайсці месца для рыбалкі яны не паспелі - зімовае хобі ператварылася ў выратавальную аперацыю. У выніку выцягнуць з ледзяной вады жывым удалося толькі аднаго.
Вясновую рыбалку напэўна запомняць і героі гэтага відэа. Мужчыны дрэйфавалі на крызе пасярод Чыжоўскага вадасховішча ў сталіцы, хаця рыбачыць пачалі ля берага.
Незапланаваным заплывам сёння завяршылася і прагулка жыхара Жодзіна. Мужчына вырашыў перайсці раку і практычна адразу апынуўся пад лёдам. Крыху пазней - у бальніцы. Ратавальнікі падаспелі своечасова.
З-за плюсавых тэмператур і асабліва пасля дажджу лёд вельмі хутка вытанчаецца. Нярэдка гэта адбываецца літаральна за некалькі гадзін. І тады зімовае хобі ў моманть ператвараецца ў смяротна небяспечнае.
Каб пазбегнуць такіх сітуацый, у большасці рэгіёнаў Беларусі зараз уведзена забарона на выхад на лёд.
Юрый Штурхецкі, начальнік вадалазна-выратавальнай службы Мінскай абласной арганізацыі Асвод: "Таўшчыня лёду мінімальная, лёд растае. Выходзіць на лёд катэгарычна не рэкамендуецца, каб не адбывалася ніякіх няшчасных выпадкаў. Яшчэ раз хачу звярнуць увагу: не выходзьце на лёд ні рыбакі, ні людзі, якія хочуць пакарміць птушак якія прылятаюць. Будзьце ўважлівыя".
Вясновая зводка практычна кожны дзень папаўняецца новымі трагічнымі фактамі. А таму ратавальнікі ў рэжыме нон-стоп праводзяць прафілактычныя рэйды і ўважліва сочаць за сітуацыяй на вадаёмах і яшчэ раз нагадваюць аб усіх тонкасцях экстрэмальнага хобі.
Трагедыя на тонкім лёдзе
19 марта 2019













